Рэзалюцыя прадстаўнікоў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Беларускай Праваслаўнай Царквы аб унясенні дапаўненняў і змен у Закон «Аб ахове здароўя» | Друк |

30 кастрычніка 2012 г., Мінск

1. Артыкул 1. «Асноўныя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў дадзеным Законе, і іх вызначэнні» дапоўніць тэрмінам «ахова рэпрадуктыўнага здароўя», які азначае «сукупнасць фактараў, метадаў, працэдур і паслуг, якія падтрымліваюць рэпрадуктыўнае здароўе, аказваюць дапамогу нараджэнню дзяцей, уключаюць ахову чалавечага жыцця з моманту яго зачацця і спрыяюць дабрабыту сям’і і здароўю асобы».

2. Артыкул 9. «Паўнамоцтвы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у сферы аховы здароўя» дапоўніць словамі: «забяспечваюць аказанне медыцынскай, духоўнай і псіхалагічнай дапамогі пацыентам, якія пражываюць на адпаведнай тэрыторыі, арганізацыямі аховы здароўя з магчымасцю далучэння прадстаўнікоў традыцыйных веравызнанняў».

3. Змена палавой прыналежнасці па жаданні грамадзяніна недапушчальна, як разбуральны фактар ідэнтычнасці чалавека, духоўна-маральных асноваў сям’і, сямейных каштоўнасцяў і традыцый.

Прапануецца артыкул 19. «Змена і карэкцыя палавой прыналежнасці» выкласці ў наступнай рэдакцыі:

Назва: «Карэкцыя палавой прыналежнасці»

«Карэкцыя палавой прыналежнасці праводзіцца па медыцынскіх паказаннях у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя ў парадку, вызначаным Міністэрствам аховы здароўя РБ».

4. У артыкуле 22. «Прафілактыка спадчынных захворванняў у грамадзян РБ» тэрмін «планаванне сям’і» прапануецца замяніць словамі «стварэнне сям’і і зачацце дзіцяці» і выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Грамадзянам РБ гарантаваны бясплатныя кансультацыі па пытаннях стварэння сям’і і зачацця дзіцяці, медыка-псіхалагічных аспектах шлюбна-сямейных адносінаў, а таксама медыка-генетычная дыягностыка па медыцынскіх паказаннях у дзяржаўных установах аховы здароўя з мэтай захавання жыцця і здароўя дзіцяці і маці, правядзення неабходных лячэбных мерапрыемстваў».

Медыка-генетычная дыягностыка, вынікам якой з’яўляецца аборт, недапушчальная. Яна павінна праводзіцца толькі з мэтай забеспячэння здароўя дзіцяці і жанчыны.

5. Стэрылізацыя як метад кантрацэпцыі недапушчальная. Яна дазваляецца толькі па медыцынскіх паказаннях з мэтай захавання жыцця жанчыны.

Прапануецца артыкул 26. «Стэрылізацыя» выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Стэрылізацыя як метад пазбаўлення магчымасці да зачацця праводзіцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя па медыцынскіх паказаннях у выпадку пагрозы для жыцця жанчыны. Парадак правядзення стэрылізацыі вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя РБ».

6. Сучасныя дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі не адпавядаюць маральнасці і лічацца непрымальнымі, паколькі супярэчаць сямейным каштоўнасцям і традыцыям сям’і. Да дапушчальных сродкаў можна аднесці толькі штучнае апладненне палавымі клеткамі мужа (штучная інсемінацыя), бо яно не парушае цэласнасці шлюбу.

Прапануецца выключыць з законапраекта магчымасць прымянення любых рэпрадуктыўных тэхналогій, якія супярэчаць маральным прынцыпам.

7. «Сурагатнае мацярынства» маральна недапушчальнае нават у тых выпадках, калі ажыццяўляецца на некамерцыйнай аснове. Яно мае на ўвазе разбурэнне эмацыянальнай і духоўнай блізкасці, якая ўстанаўліваецца паміж маці і дзіцём падчас цяжарнасці. Магчымасць «сурагатнага мацярынства» прапануецца выключыць з законапраекта.

8. Штучнае перарыванне цяжарнасці (аборт) недапушчальнае. Прапануецца цалкам выключыць магчымасць прымянення штучнага перарывання цяжарнасці. Прапануецца выключыць паняцці «медыцынская паслуга», «медыцынскае ўмяшальніцтва» ў прымяненні да штучнага перарывання цяжарнасці.

9. Артыкул 40. «Правядзенне клінічных іспытаў лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі» дапоўніць забаронай правядзення клінічных іспытаў на чалавечых зародках, эмбрыёнах, плодзе.

10. Артыкул 50. «Правы медыцынскіх (фармацэўтычных) работнікаў» дапоўніць правам на адмову ад правядзення медыцынскага ўмяшальніцтва па рэлігійных, этычных, маральных матывах.

Прапануецца дадаць артыкул, у якім пазначыць, што жанчыне, якая жадае здзейсніць аборт, неабходна ў абавязковым парадку прайсці кансультацыю з псіхолагам з мэтай захавання цяжарнасці. Жанчыне павінна гарантавацца магчымасць убачыць плод падчас ультрагукавога даследавання. Трэба прадугледзець магчымасць удзелу духавенства традыцыйных веравызнанняў у кансультаванні цяжарных жанчын.

Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і Беларуская Праваслаўная Царква гатовы да адкрытага дыялога і ўдзелу ў грамадскіх слуханнях аб унясенні зменаў і дапаўненняў у закон «Аб ахове здароўя».

Адноўлена 30.10.2012 14:52
 
© 2003-2024 Catholic.by