Слова Крыстыны Лялько, галоўнага рэдактара часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера», падчас уручэння папскіх медалёў «Bene merenti» асобам, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё Касцёла ў Беларусі | Друк |

18 снежня 2012 г., Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены

«Пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны…»  (Лк 6, 45) Нашыя сэрцы сёння напоўнены глыбокаю ўдзячнасцю.

Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны Апостальскі Нунцый Клаўдыё Гуджэроцці, Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, дазвольце ад імя ўсіх нас, адзначаных высокаю ўзнагародаю, выказаць словы шчырай падзякі за высокую ацэнку нашай сціплай працы.

Ваша Эксцэленцыя Нунцый Апостальскай Сталіцы, перадайце, калі ласка, нашу шчырую ўдзячнасць Святому Айцу Бэнэдыкту XVI, перадайце Яго Святасці нашу глыбокую пашану, любоў і адданасць, а таксама нашу заўсёдную малітоўную падтрымку і памяць.

У Год веры і напярэдадні светлага свята Божага Нараджэння гэтыя ўзнагароды  асабліва дарагія для нас і сімвалічныя. Гэта прыгожая матывацыя для нашай далейшай працы. Ад самага пачатку мы ўспрымалі і ўспрымаем сваю працу як служэнне на хвалу Пана Бога і дзеля дабра Яго святога Касцёла.

Вялікі дзякуй Вам, Ваша Эксцэленцыя, шаноўны Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, за Вашу арцыпастырскую падтрымку і ўвагу да нас.

Гэтая высокая ўзнагарода — прызнанне не толькі нашай працы, але таксама і ўсіх тых, хто працаваў і працуе разам з намі, нашых калегаў. Гэта таксама адзнака служэння і дзейнасці ўсіх свецкіх вернікаў Касцёла на Беларусі і знак асаблівага прызнання і ўвагі Апостальскай Сталіцы і Пятра нашага часу. Вялікі дзякуй за гэта. Мы заўсёды памятаем, што плёнам нашай працы мы абавязаны асаблівай Божай ласцы, а таксама апостальскаму благаслаўленню Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, якое было ўдзелена нам на самым пачатку заснавання і адраджэння каталіцкай прэсы ў Беларусі — у 1994 годзе; мы абавязаны падтрымцы і даверу святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка; падтрымцы сённяшняга арцыпастыра Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, многіх святароў і дабрадзеяў.

Congregavit nos in unum Christi amor (Сабрала нас у адно Хрыстова любоў)... І дзеля гэтай Хрыстовай любові і ў імя яе, калі дазволіць Божая міласэрнасць, мы будзем рупліва працаваць і далей, каб дапамагаць нашым беларускім чытачам адкрываць багацце і глыбіню каталіцкай веры ў «яе паўнаце і з адноўленаю перакананасцю», праз каталіцкія выданні будзем садзейнічаць новай евангелізацыі і пашырэнню Хрыстовага валадарства любові ў гэтым азяблым свеце.


Адноўлена 19.12.2012 15:10
 
© 2003-2024 Catholic.by