Слова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці падчас экуменічнай малітвы аб адзінстве хрысціянаў | Друк |

19 студзеня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

Дарагія браты і сёстры, што сабраліся тут, каб прасіць у Бога бачнага адзінства хрысціянаў, якога чакае свет, да вас кірую шчырыя прывітанні ад папы Бэнэдыкта XVI.

Першае чытанне, якое паказвае даліну, поўную касцей, моцна прамаўляе да мяне. Менавіта гэтае чытанне я выбраў падчас маёй першай Імшы. На маю думку, вобраз мёртвага цела, разарванага на кавалкі і раскіданага па пустыні, якое Божым дыханнем, Божым Духам вяртаецца да жыцця, — менавіта гэты вобраз быў для мяне ідэалам, якому варта прысвяціць жыццё.

Мне здаецца, што гэта Божы знак — пачуць ізноў гэты ўрывак з Бібліі тут, на беларускай зямлі, падчас малітвы за адзінства хрысціянаў. Словамі Паслання да Габрэяў Бог кліча нас выйсці за лагер. Такім лагерам з’яўляецца нашая прадузятасць, высакамернасць, прэтэнцыёзнасць быць ужо збаўленымі, без тых, хто вызнае таго ж самага Хрыста.

Кожны раз, калі ламаем хлеб і дзелім віно, мы перажываем надзею, якой супярэчыць і ад якой адракаецца нашае раздзяленне, так, як словы Пятра, які сказаў пра Езуса: «Я не ведаю гэтага чалавека».

Для нас Эўхарыстыя — гэта прысутнасць Пана Езуса. У той самы час гэта і Ягоная адсутнасць, па нашай віне, з-за нашага раздзялення. Нашае прапаведванне будзе поўным толькі тады, калі поўню еднасці верне сам Бог, калі Ён вернецца ізноў.

Спазіраць у бок Езуса, які вернецца ізноў, — няхай прынамсі гэта будзе нашай супольнай мэтай, калі мы не змаглі захаваць цэлым успамін Ягонага першага прыйсця.

Адноўлена 20.01.2013 12:57
 
© 2003-2024 Catholic.by