Выcтупленне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на медыцынскім семінары ў Мінску | Друк |

19 красавіка 2013 г., мінскі касцёл св. Сымона і св. Алены

Семінар «Сучасныя метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі алергічных, імуналагічных, дэрматалагічных, пульманалагічных і дзіцячых вірусных грыбковых хваробаў у медыцыне»

Вера твая ўратавала цябе

1. Сардэчна вітаю ўдзельнікаў семінара.

Напэўна, не адзін можа спытаць: чаму семінар на тэму медыцыны прахозіць у касцёле? Ці няма іншых і больш адпаведных месцаў? Відаць, ёсць, але мы рады прымаць у сябе такі прадстаўнічы медыцынскі форум.

Рэлігія і здароўе чалавека цесна звязаны паміж сабой. Нездарма прыказка кажа, што ў здаровым целе — здаровы дух. У гэтых словах прысутнічае вялікая праўда, якую ўсё часцей пацвярджае як навука, так і жыццё. Чалавек складаецца з цела і душы і толькі тады можа развівацца гарманічна, калі будзе здаровы целам і душой. Урачы лечаць цела, а святары — душу. І таму неабходна іх супрацоўніцтва і ўзаемадапамога. Паміж верай і медыцынай павінна быць цесная карэляцыя.

Нездарма ў многіх краінах свету ў шпіталях ёсць капліцы і капеланы. Побач з медыкамі знаходзяцца святары, каб у цяжкую хвіліну дапамагчы хворым як з медыцынскага, так і духоўнага пункту гледжання. Нядаўна, калі я наведваў адзін шпіталь у Мінску, галоўны ўрач спытаў у мяне, як я стаўлюся да таго, каб у яго шпіталі адкрыць капліцу. Гэта азначае, што ў нашай постсавецкай рэчаіснасці з яе атэістычным мінулым паволі спее думка аб неабходнасці духоўнай апекі хворых — апекі, якая дапамагае ў працэсе лячэння.

Каталіцкі Касцёл мае вельмі вялікую практыку ў гэтай галіне. У Ватыкане нават існуе Папская рада пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. Каталіцкі Касцёл мае шмат сваіх шпіталяў. Яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю, не толькі таму, што там стараюцца мець вельмі добрых спецыялістаў, але і таму, што іх галоўнай ідэяй з’яўляецца служэнне бліжняму.

2. Каб лепей зразумець зацікаўленасць Касцёла душпастырскай апекай хворых, прапаную звярнуцца да наступнага евангельскага аповеду. «І прыйшлі яны ў Ерыхон. І калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі. Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: «Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!» Многія загадвалі яму змоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» Езус спыніўся і сказаў: «Паклічце яго». І паклікалі сляпога, кажучы яму: «Смялей, уставай, Ён кліча цябе». Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і падышоў да Езуса. І, адказваючы яму, Езус сказаў: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Сляпы сказаў Яму: «Настаўнік, каб я зноў бачыў». І Езус сказаў яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе» (Мк 10, 46-52).

Евангеллі распавядаюць пра многія цуды, якія ўчыніў Езус. Аднак для гэтага Ён заўсёды патрабаваў веры ў Бога. Таму вера з’яўляецца ўмовай выздараўлення чалавека — выздараўлення душы і нярэдка цела.

Тут да месца ўспомніць словы з Паслання апостала Якуба, які навучае, што, калі хтосьці захварэе, неабходна папрасіць святара, каб памаліўся над ім і памазаў яго алеем у імя Пана, бо малітва веры дасць яму ацаленне і дараванне грахоў (пар. Як 5, 14-15).

Сярод сямі ўстаноўленых Хрыстом сакрамэнтаў ёсць і сакрамэнт намашчэння хворых. Падчас яго цэлебрацыі святар моліцца аб аздараўленні душы чалавека і таксама яго цела, калі гэта будзе спрыяць яго збаўленню.

3. Ва ўсіх культурах з даўніх часоў рэлігія, медыцына і лячэнне былі цесна звязаны паміж сабой. Аднак развіццё сучаснай рацыянальнай медыцыны, якая абапіраецца выключна на навуковыя дасягненні, панізіла або нават прывяло да выключэння рэлігійнага фактару з працэсу лячэння.

Напэўна, не адзін сучасны чалавек спытаецца: ці ёсць яшчэ месца для Бога і Яго ўплыву на жыццё чалавека ў наш час, калі навука, тэхналогія, нарастаючы скептыцызм адносна звышнатуральных здарэнняў і працэсы секулярызацыі выштурхваюць рэлігію са штодзённага жыцця?

Хаця такое пытанне паўстае ўсё часцей, аднак у той жа час нярэдка чалавек выказвае сумненні ў толькі рацыянальным вымярэнні свайго жыцця. Таму Касцёл, абапіраючыся на Евангелле, дапускае звышпрыродную інгерэнцыю Бога ў рэчаіснасць.

4.  Сёння ўсё часцей можна пачуць перакананне аб лечачым фактары веры. У наш час таксама ўсё большае прызнанне знаходзіць псіхасаматычная медыцына ў лячэнні хвароб, прычынамі якіх з’яўляюцца псіхічныя, а не фізіялагічныя працэсы. Сярод іх — стрэсы, дэпрэсія, трывога і г.д. Вядома, што яны пагаршаюць хваробу і аслабляюць імуналагічную адпорнасць. У той жа час аптымізм карысна ўплывае на ход лячэння, таксама як падтрымка сям’і ці грамадства.

А што больш дапамагае ў барацьбе са стрэсамі і дэпрэсіяй, як не вера? Менавіта яна фармуе адпаведны, карысны таксама і для хворага, падыход да жыцця. Вера натхняе надзею, а надзея — аптымізм, які генеруе новую жыццёвую энергію. Для чалавека з пазітыўным і аптымістычным стаўленнем да жыцця вера можа чыніць цуды, бо пачуццё еднасці з Богам мае пазітыўны ўплыў на самаадчуванне пацыентаў і іх жыццёвыя функцыі.

5. Дарагія ўдзельнікі семінара!

Канадскі прафесар медыцыны сэр Уільям Услер (1849–1919) казаў, што  «чалавека ад дзікага звера найбольш адрознівае патрэба і імкненне прымаць лекі» (http://www.uroda-wdziek.pl/zdrowie/psychologia/uzdrawianie-wiara.html). Падаецца, што гэтае смешнае, амаль што анекдатычнае сцвярджэнне, недалёкае ад праўды. Калі дзікі звер для лячэння выкарыстоўвае натуральныя сродкі, напрыклад, есць адпаведную траву, карані дрэў ці іншых раслінаў, то сучасны чалавек спадзяецца на лекі. Калі штосьці забалела — ён адразу прымае таблеткі.

Касцёл падтрымлівае неабходнасць лячэння лекамі і ўдзячны ўрачам і фармацэўтам за іх адданую і ахвярную працу. Яны з’яўляюцца інструментамі ў Божых руках. Аднак у той жа час Касцёл імкнецца дапамагчы хворым праз умацаванне іх веры, каб яны не страцілі надзеі. Касцёл, хаця і не з гэтага свету, аднак ён у гэтым свеце. Ён чытае знакі часу і імкнецца адказаць на яго выклікі, у тым ліку дапамагаючы хворым. Адным з галоўных дакументаў Другога Ватыканскага Сабору з’яўляецца Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» («Радасць і надзея»). Няхай жа супрацоўніцтва веры і медыцыны прынясе радасць і надзею хворым, каб яны былі здаровыя целам і душой.

З пажаданнямі поспеху ў працы семінара і малітвай аб Божам благаслаўленні ўсім вам.

Дзякую за ўвагу.         

Адноўлена 19.04.2013 12:24
 
© 2003-2024 Catholic.by