Слова біскупа Аляксандра Кашкевіча на афіцыйным зацвярджэнні таварыства свецкіх «Gloriosa Trinita» | Друк |

20 красавіка 2013 г., Ліда

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Дарагія ўдзельнікі таварыства «Gloriosa Trinità»!

Так цудоўна склалася, што мы перажываем сённяшнюю Міжнародную кангрэгацыю таварыства ў кантэксце Года веры. Мы яднаемся з усім Паўсюдным Касцёлам у штодзённым адкрыцці прыгажосці веры, якая ўспрымаецца як асабістая сустрэча Бога з чалавекам. Гэтая сустрэча змяняе чалавека, напаўняе яго сэрца радасцю і энтузіязмам, проста прыводзіць да таго, што чалавек адкрывае самы глыбокі сэнс свайго існавання і пачынае жыць поўным жыццём.

Вера, як асабістая сустрэча з Хрыстом, спрыяе нашаму жаданню даваць сведчанне як на асабістым узроўні, так і на ўзроўні супольнасці. Сведчанне веры — гэта істотны элемент харызмы ўсіх каталіцкіх рухаў і супольнасцей. У спецыяльным паведамленні Кангрэгацыі навукі веры чытаем: «Касцёльныя супольнасці і рухі закліканы прымаць канкрэтныя ініцыятывы, якія дзякуючы іх харызматам і ў супрацоўніцтве з мясцовымі Пастырамі, будуць залічаны да той вялікай справы, якой з’яўляецца Год веры. Новыя касцёльныя супольнасці і рухі творча і велікадушна павінны знайсці адпаведныя спосабы, каб скласці сваё сведчанне веры ў служэнні Касцёлу».

У гэтым месцы я хачу падзякаваць вам усім, дарагія браты і сёстры з таварыства «Gloriosa Trinità», за прыгожае сведчанне веры, якое вы ўжо больш за сем гадоў даяце пры парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Дзякую вам, што так старанна паглыбляеце сваю веру і што дзеліцеся ёю з бліжнімі. Тое, што вы радасна сведчыце аб сваёй прыналежнасці да Хрыста і аб сваім імкненні ісці Яго слядамі, з’яўляецца каштоўным укладам у справу новай евангелізацыі і садзейнічае таму, што Добрая Навіна даходзіць да ўсё большай колькасці людзей.

Афіцыйнае зацвярджэнне таварыства ў Гродзенскай дыяцэзіі, безумоўна, распачынае новы этап у яго гісторыі. Ад усяго сэрца віншую і жадаю кожнаму з вас шчодрых Божых ласкаў і моцы Святога Духа ў прыняцці новых выклікаў і пачынанняў. Няхай гэты чарговы этап дзейнасці супольнасці прыносіць плён яшчэ больш паспяховага абвяшчэння Добрай Навіны словамі і ўчынкамі.

Шчасці ў Богу!

Адноўлена 22.04.2013 14:08
 
© 2003-2024 Catholic.by