Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да ўдзельнікаў Парафіяды дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі | Друк |

Івянец, 16-19 ліпеня 2014 г.

Дарагія ўдзельнікі чарговай Парафіяды дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

Сардэчна вітаю вас і віншую з распачаццем парафіяды ў гасцінным Івянцы. На жаль, з-за прынятых раней пастырскіх абавязкаў не магу прыняць удзел у гэтай так важнай падзеі, мэтай якой з’яўляецца шматбаковае інтэгральнае выхаванне маладога пакалення на прынцыпах Евангелля. Духоўна буду яднацца з вамі, памятаць аб вас і падтрымліваць з далёкай Мальты, дзе мяне заклікалі ўзначаліць урачыстасці ў гонар святой Кацярыны Антыяхійскай. Мальта вядомая таксама і тым, што там пасля караблекрушэння цудоўным чынам выратаваўся святы апостал Павел – самы вялікі місіянер, якога можна смела назваць евангельскім марафонцам.

Распачацце парафіяды амаль што адразу пасля завяршэння Чэмпіянату свету па футболе ў Бразіліі мае сімвалічнае значэнне. Футбол на працягу апошняга месяца завалодаў сэрцамі мільярдаў людзей ва ўсім свеце. Перамогі і паражэнні, эмоцыі, усмешкі і слёзы спадарожнічалі як футбалістам, так і заўзятарам. Аднак усіх аб’ядноўвала адно – любоў да гэтай найбольш папулярнай гульні, выхаванне цноты мужнасці, імкненне да фізічнай і духоўнай дасканаласці, будаванне салідарнасці ў сучасным свеце і г.д.

Парафіяда, якая распачынаецца, таксама павінна выхоўваць у яе ўдзельнікаў дух салідарнасці, уменне па-хрысціянску радавацца і прыняць паразы, удасканальваць іх фізічна і духоўна.

Упэўнены, што ўсе належным чынам падрыхтаваліся да чакаючых вас спаборніцтваў. Спартсмен, які не ставіць перад сабой новых патрабаванняў, не стане чэмпіёнам. У спартыўным спаборніцтве таксама неабходна прытрымлівацца правілаў гульні і быць трывалым.   

Святыня, стадыён і тэатр з’яўляюцца трыма калонамі парафіяды.

Святыня нагадвае аб рэлігійным характары гэтага мерапрыемства. Касцёл абвяшчае Божае слова, вучыць праўдам веры, цэлебруе сакрамэнты, займаецца дабрачыннасцю. Гэтым самым ён вядзе нас да Хрыста, у якім ёсць радасць жыцця, яго гармонія і збаўленне.

Са словам “стадыён” асацыююцца спартыўныя спаборніцтвы, падчас якіх выяўляюцца найлепшыя. Яны таксама гартуюць дух, вучаць салідарнасці, прабачэнню і пераадоленню цяжкасцяў.

Касцёл ад свайго заснавання шырока выкарыстоўваў і працягвае выкарыстоўваць мастацтва для абвяшчэння Евангелля. У Беларусі таксама можна знайсці шмат касцёлаў, дзе гісторыя збаўлення прадстаўлена ў малюнках і фрэсках. Касцёл і цяпер шырока выкарыстоўвае тэатралізаваныя прадстаўленні, каб лепей выяўляць евангельскія сцэны і іх актуалізаваць.

Такім чынам, парафіяда спрыяе як фізічнаму, так і духоўнаму развіццю чалавека, бо, як кажа прыказка, у здаровым целе – здаровы дух.   

Святы апостал Павел параўноўвае жыццё чалавека да бегу на стадыёне. І на самой справе так ёсць. На стадыёне мы бяжым з надзеяй атрымаць спартыўную ўзнагароду, у жыцці – вечную.

Жадаю ўдзельнікам парафіяды, якая распачынаецца, поспехаў ва ўсіх відах спаборніцтваў – спартыўных, духоўных і тэатральных. Няхай яна стане яшчэ адным крокам да вашага фізічнага, артыстычнага і духоўнага ўдасканалення, каб у жыцці вы беглі да святасці і сталі новымі, выхаванымі на прынцыпах Евангелля, людзьмі, якіх патрабуюць новыя часы, у якія мы жывём.

З найлепшымі пажаданнямі і благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі


Адноўлена 16.07.2014 14:54
 
© 2003-2024 Catholic.by