Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Паведамленне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Пленарнай Асамблеі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы

Святая Зямля, 11-16 верасня 2015 г.

Сітуацыя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Вашы Эмінэнцыі, Эксцэленцыі, удзельнікі Пленарнай Асамблеі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы!

Вітаю вас ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якая за апошнія два гады дзякуючы рашэнню Святога Айца Францішка павялічылася на 100% - з чатырох біскупаў да васьмі. Гэта знак увагі Святога Пасаду да Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які дынамічна адраджаецца пасля трох пакаленняў ганенняў, і таксама знак павагі да нашай краіны.

Адносна сітуацыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі трэба сказаць што ён складаецца з чатырох дыяцэзій. Колькасць вернікаў – каля паўтара мільёна. Існуе каля 500 парафій, дзе працуе 470 святароў, з якіх 360 беларусы, іншыя – чужаземцы. На жаль, памяншаецца колькасць семінарыстаў, што стварае новую праблему.

У Мінску ёсць Каледж тэалогіі, у Гродне – Катэхетычныя курсы, у Баранавічах у Пінскай дыяцэзіі – Катэхетычны каледж. Гэтыя касцёльныя інстытуцыі рыхтуюць катэхізатараў. Нядаўна ў Мінску была зарэгістравана Тэалагічная акадэмія св. Яна Паўла II, якая будзе мець два аддзелы – духоўную семінарыю і Інстытут тэалогіі.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі не мае свайго тэлебачання і радыё, але на Цэнтральным дзяржаўным тэлебачанні кожны месяц мы маем тры з паловай гадзіны эфіру. Таксама кожную нядзелю на першым канале нацыянальнага радыё ёсць трансляцыя святой Імшы.

Адносіны з дзяржавай носяць працоўны характар. Мы атрымліваем дазволы на працэсіі Божага Цела і пілігрымкі. У Мінску атрымалі дазвол на будаўніцтва 10 новых касцёлаў. На гэты момант будуем 5. Аднак па прычыне фінансавых праблем іх будаўніцтва не ідзе так, як хацелася б.

Адносіны з Праваслаўнай Царквой характарызуюцца добрымі традыцыямі. Мы супольна рэалізуем некалькі праектаў. Узаемна прымаем удзел у літургічных цэлебрацыях. Людзям падабаюцца такія адносіны, бо каля паловы сем’яў у краіне змешаныя.

Трэба падкрэсліць, што сітуацыя Касцёла на захадзе краіны моцна адрозніваецца ад сітуацыі на ўсходзе. На захадзе, дзе гістарычна католікі заўсёды былі шматлікімі, Касцёл вельмі моцны. На ўсходзе, дзе падчас ганенняў усе касцёлы і кляштары былі збураны або зачынены і да 90-х гадоў мінулага стагоддзя не было ніводнага святара, Касцёл на самой справе з’яўляецца місійным. Менавіта таму новы дапаможны біскуп для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі быў прызначаны з адказнасцю за пастырства ў Магілёве і вобласці на ўсходзе Беларусі.

Касцёл у Беларусі рыхтуецца да Юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, калі Марыя заклікала да малітвы і навяртання і прадказала адраджэнне Касцёла ў былым Савецкім Саюзе. Пастырская праграма ўключае тры гады падрыхтоўкі. Год 2014 быў прысвечаны малітве, год 2015 – навяртанню, год 2016 – надзеі.

Галоўныя цэлебрацыі звычайна адбываюцца ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Юбілей 400-годдзя гэтага санктуарыя у 2013 г. узначаліў папскі легат кардынал Жан Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Звычайна літургічныя цэлебрацыі гэтага свята адбываюцца ў першы ўікэнд ліпеня. У іх прымае ўдзел каля 30 тысяч вернікаў, з якіх кала 3 тысяч прыходзяць пешшу як пілігрымы.

Акрамя гэтага санктуарыя, у кожнай дыяцэзіі ёсць свае, куды прыбываюць шматлікія пілігрымы, асабліва маладыя. Дзякуй Богу, беларуская моладзь вельмі актыўная ў жыцці Касцёла. Яна з’яўляецца яго вялікім патэнцыялам. Аднак нашы рэсурсы, найперш па прычыне недахопу святароў і кансэкраваных асобаў, не адпавядаюць патрабаванням моладзі і таксама нармальнай пастырскай апецы вернікаў.

Мы моцна занепакоены сітуацыяй сям’і. Постсавецкая спадчына і дух секулярызму разбурае сям’ю. Каля паловы сем’яў разведзеныя. Колькасць нованароджаных больш-менш стабільная але недастатковая для ўтрымання пастаяннай колькасці жыхароў, якая памяншаецца. Дзяржаўная ўлада чыніць шмат для павелічвання нараджальнасці. Так, напрыклад, сям’я з трыма дзецьмі плаціць за кватэру толькі 25% кошту, а з чатырма – атрымлівае задарма. Аднак гэта не вельмі дапамагае ў вырашэнні дэмаграфічнага крызісу.

Вялікай праблемай з’яўляюцца аборты і штучнае запладненне. Год таму Каталіцкі Касцёл разам з Праваслаўнай Царквой, іншымі веравызнаннямі і грамадскімі аб’яднаннямі дабіліся змены абартыўнага заканадаўства. Калі раней існавала 12 прычын для аборту, то цяпер засталося 3. Таксама дзяржаўная ўлада дала дазвол Каталіцкаму Касцёлу і Праваслаўнай Царкве адкрыць кансультатыўныя пункты ў абартыўных клініках, дзякуючы чаму многія жанчыны адмовіліся ад абортаў.

Беларускае заканадаўства забараняе гомасексуальныя саюзы. Таксама і наша грамадства негатыўна ставіцца да іх. Таму ў краіне гэтая праблема практычна не існуе.

У Беларусі перад канфліктам ва Украіне праблема міграцыі практычна не існавала. Цяпер калі ста тысяч бежанцаў знаходзіцца ў нашай краіне. Гэта новы выклік для краіны і Касцёла. Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” паводле сваіх магчымасцяў дапамагае ім.

Моцным рэхам у нашым грамадстве і ў свеце адбілася рашэнне Прэзідэнта Беларусі аб вызваленні некаторых вязняў, як гуманітарнага акту ў адказ на просьбы, скіраваныя з боку краін Еўрасаюза, Злучаных Штатаў Амерыкі і Рымскага Пантыфіка. Папа Францішак асабіста выступіў з хадайніцтвам у дадзенай справе. Такім чынам Касцёл унёс свой уклад у вырашэнне гэтай складанай праблемы.

Так, коратка кажучы, выглядае сітуацыя Касцёла ў Беларусі, які, нягледзячы на праблемы, з надзеяй ідзе наперад.

Дзякую за ўвагу.

Адноўлена 11.09.2015 16:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску