Прамова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас «Малітвы за Беларусь» | Друк |

Мінск, храм-помнік у гонар Усіх святых, 2 верасня 2015 г.

Сучасны свет напоўнены шматлікімі праблемамі і выклікамі. Найчасцей мы заклапочаны фінансава-эканамічным, сацыяльна-палітычным і духоўным крызісамі, тэрарызмам і лакальнымі войнамі, міжнацыянальнымі і міжканфесійнымі канфліктамі і г.д.

Яшчэ некалькі гадоў таму ніхто з нас не мог і падумаць, што ва Украіне выбухне збройны канфлікт. Дзякуй Богу, у выніку Мінскіх пагадненняў на ўсходзе Украіны сёння больш спакойна, хаця да завяршэння канфлікту неабходна яшчэ шмат учыніць.

Ніхто не мог падумаць, што цунамі бежанцаў залье Еўропу да таго, што яна не будзе ведаць, як вырашыць гэтую праблему. Неабходна дапамагаць бежанцам, аднак пры гэтым неабходна думаць, як выключыць прычыну, з-за якой такая сітуацыя паўстала. Недастаткова толькі забінтаваць рану, не паклаўшы перад гэтым на яе адпаведныя лекі, бо рана можа загнаіцца і пагоршыць стан хворага.

Дэвальвуецца паняцце сям’і, як Богам устаноўленага адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, працягу патомства і яго выхавання.

Найноўшыя дасягненні навукі выкарыстоўваюцца для маніпулявання найбольш каштоўным Божым дарам, якім з’яўляецца чалавечае жыццё.

Разважаючы пра праблемы і выклікі сучаснасці, у тым ліку ў Беларусі, Касцёл, як і іншыя веравызнанні, звяртае ўвагу на тое, што галоўнай прычынай усіх крызісаў з’яўляецца адыход ад Божага закону. Таму мы заклікаем да аднаўлення духоўнага жыцця з мэтай хутчэйшага вырашэння ўсіх праблем.

Дзякуючы развітому дыялогу паміж рознымі веравызнаннямі, а таксама паміж імі і дзяржавай, у Беларусі няма міжканфесійных і міжрэлігійных канфліктаў. Ён таксама дапамагае ў развіцці міжнацыянальных адносін. Рэлігійныя арганізацыі ўносяць свой уклад у духоўнае абнаўленне і кансалідацыю нашага грамадства. Гэта вялікае дасягненне і патэнцыял нашай краіны. Нездарма IV Праваслаўна-каталіцкі форум, у якім прынялі ўдзел каталіцкія і праваслаўныя біскупы з 22 краін Еўропы, адбыўся ў Мінску ў мінулым годзе. Маючы на ўвазе добрыя адносіны паміж рознымі веравызнаннямі і іх канструктыўны дыялог з дзяржавай, Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы разглядае магчымасць правесці сваю Пленарную Асамблею ў 2017 г. у Мінску.

Хаця Касцёл не ад гэтага свету, але ён у гэтым свеце і таму клапоціцца аб ім. Мы заўсёды молімся ў інтэнцыі нашай краіны, каб яна будавала сваю будучыню на прынцыпах Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла і каб у ёй панавалі мір, дабрабыт і узаемаразуменне. Няхай Бог благаславіць Беларусь!

 
© 2003-2024 Catholic.by