Прывітальнае слова біскупа Аляксандра Кашкевіча на канцэрце ў межах Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу | Друк |

Гродна, 25 мая 2016 г.

Вельмі сардэчна вітаю ўсіх удзельнікаў Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу, які з’яўляецца нашай супольнай падзякай за 25-годдзе існавання Гродзенскай дыяцэзіі.
Вітаю Яго Эмінэнцыю найдастойнейшага кардынала Зянона Грахалеўскага, спецыяльнага пасланніка Святога Айца на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Гродне,
Вітаю Іх Эксцэленцый шаноўных арцыбіскупаў і біскупаў,
Вітаю Уладыку Арцемія з Праваслаўнай Царквы, епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага,
Вітаю спадара Уладзіміра Татарнікава, пастара Лютэранскай Царквы,
Вітаю Іх Эксцэленцый шаноўных прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу і консульства,
Вітаю шаноўнага спадара Леаніда Гуляку, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі,
Вітаю шаноўных прадстаўнікоў абласных, раённых і гарадскіх уладаў Гродна,
Вітаю шаноўных Генеральных і Правінцыяльных настаяцеляў манаскіх супольнасцяў, інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця,
Вітаю шаноўных прадстаўнікоў універсітэтаў, інстытутаў, духоўных семінарый і іншых навучальных установаў,
Вітаю шаноўных братоў святароў pleno titulo у пасадах і годнасцях, айцоў і братоў законных у харызматах сваіх заснавальнікаў, сясцёр законных, дыяканаў і семінарыстаў,
Вітаю вас усіх, умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія госці, якія прыбылі на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, сябры і прыхільнікі нашага гродзенскага Касцёла, улюбёныя дыяцэзіяне!

Мы перажываем Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс пад знакам падзякі за 25 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі. У памятным 1991 годзе Святы Айцец Ян Павел ІІ пастанавіў утварыць структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ў іх межах паклікаў да існавання наш лакальны Касцёл.

Няхай гэты канцэрт будзе выразам нашай удзячнасці Пану Богу, які ў сваім Провідзе кіруе лёсамі Хрыстовага Касцёла на гродзенскай зямлі.

Дзякуем усім, хто якімсьці чынам паспрыяў справе адраджэння рэлігійнага жыцця на Гродзеншчыне: святарам дыяцэзіяльным і законным — за іх адданае, ахвярнае пастырскае служэнне; кансэкраваным асобам — за служэнне нашаму Касцёлу ў багацці разнастайных харызматаў; а таксама вернаму народу, які, верна трываючы пры Хрысце, дае прыгожае сведчанне веры і моцы духу.

Дзякуем усім дабрадзеям і ахвярадаўцам за ўсялякую аказаную дапамогу.

Дзякуем за ўсё, што супольным намаганнем удалося ў гэтыя гады здзейсніць.

Езус Міласэрны, прысутны сярод нас у сакрамэнце Эўхарыстыі ва ўсе дні аж да сканчэння свету, няхай спадарожнічае сваёй ласкай і благаслаўленнем нашаму гродзенскаму Касцёлу ў верным спаўненні місіі абвяшчэння Хрыста і Яго Евангелля ўсім людзям добрай волі.

Адноўлена 24.05.2016 22:08
 
© 2003-2024 Catholic.by