І Нядзеля Адвэнту, Год С | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ер 33, 14–16

Узгадую для  Давіда Парастак Справядлівасці

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі Я выканаю абяцанне, якое абвясціў пра дом Ізраэля і пра дом Юды.

У тыя дні і ў той час Я ўзгадую для Давіда Парастак Справядлівасці, і будзе ён чыніць правасуддзе і справядлівасць на зямлі.

У тыя дні Юда будзе збаўлены і Ерузалем будзе жыць бяспечна, і назавуць яго: Пан — наша справядлівасць.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 25 (24), 4–5ab. 8–9. 10 і 14 (Р.: 1b)

Рэфрэн: Да Цябе, о Пане, узношу я душу маю.

4. Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, *
і навучы мяне сцежкам Тваім.
5. Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, *
бо Ты — мой Бог і Збаўца.

Рэфрэн:

8. Пан — добры і справядлівы, *
таму паказвае грэшнікам шлях.
9. Ён кіруе прыніжанымі ў справядлівасці, *
і навучае пакорных шляхам cваім.

Рэфрэн:

10. Усе сцежкі Пана — гэта міласэрнасць і  вернасць *
для тых, хто захоўвае запавет і наказы Яго.
14. Пан добразычлівы да тых, хто Яго баіцца, *
і запавет свой Ён адкрывае ім.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Тэс 3, 12 — 4, 2

Няхай Пан умацуе сэрцы вашыя ў час  прыйсця Хрыста

Чытанне Першага паслання святога Апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Браты:

Няхай памножыць вас Пан і перапоўніць вас любоўю адно да аднаго і да ўсіх, якую і мы маем да вас; каб умацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у час прыйсця Пана нашага, Езуса, з усімі Ягонымі святымі.

І ўрэшце, браты, просім вас і молім у Пану Езусе, каб вы, прыняўшы ад нас тое, як трэба вам сябе паводзіць і дагаджаць Богу, як вы і паводзіце сябе, каб больш у гэтым узрасталі. Бо вы ведаеце, якія мы далі вам наказы ад Пана Езуса.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Пс 85 (84), 8
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць
і дай нам сваё збаўленне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 21, 25–28. 34–36

Набліжаецца адкупленне вашае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае.

Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Бо ён прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Дык чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 24.09.2010 13:56
 
© 2003-2024 Catholic.by