Панядзелак — Другі тыдзень Адвэнту | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 35, 1–10

Сам Бог прыйдзе і збавіць вас

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Узрадуецца пустыня і сухая зямля,
і стэп узвесяліцца і зацвіце, як шафран.
Будзе прыгожа цвісці і цешыцца,
і радавацца будзе, і спяваць.
Слава Лібану будзе дадзена яму,
гонар Кармэлю і Сарону.
Яны ўбачаць славу Пана,
веліч нашага Бога.
Умацуйце слабыя рукі,
узмацніце дрыжачыя калені.
Скажыце маладушным:
Будзьце адважнымі! Не бойцеся!
Вось Бог ваш, помста прыйдзе;
адплата Божая.
Ён сам прыходзіць і збавіць вас.
Тады вочы сляпых будуць бачыць,
і вушы глухіх адкрыюцца.
Тады кульгавы, як алень, падскочыць,
і язык нямых усклікне радасна.
Бо пачне біць крыніца вады ў пустыні,
і патокі ў стэпах;
засохлая зямля ператворыцца ў возера;
бязводнае месца ў крыніцы вады;
логава, дзе ляжалі шакалы,
стане месцам трыснягу і папірусу.
І будзе там шырокі шлях і дарога,
і назавецца яна святой дарогай;
не пойдзе па ёй нячысты,
калі адправіцца ў падарожжа,
і неразумныя не будуць па ёй блукаць.
Ільва не будзе там,
і драпежны звер не ўзыдзе на яе, не будзе яго там,
а будуць хадзіць па ёй адкупленыя.
Выбаўленыя Панам вернуцца
і прыйдуць на Сіён з радасным спевам,
і вечная радасць акрые іх галовы.
Вяселле і радасць напоўніць іх,
а журба і стогны знікнуць.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 85 (84), 9аb–10. 11–12. 13–14 (Р.: Іс 35, 4d)

Рэфрэн: Вось прыйдзе Бог і збавіць нас.

9. Паслухаю, што гаворыць Пан Бог; *
Ён спакой абвяшчае народу і святым сваім,
10. Сапраўды, Яго збаўленне блізкае +
для тых, хто баіцца Яго, *
і слава Божая будзе жыць на нашай зямлі.

Рэфрэн:

11. Міласэрнасць і вернасць сустрэнуцца разам, *
справядлівасць і спакой пацалуюцца.
12. Вернасць вырасце з зямлі, *
а справядлівасць будзе пазіраць з нябёсаў.

Рэфрэн:

13. Пан адорыць нас шчасцем, *
а зямля наша дасць свой плён.
14. Справядлівасць пойдзе перад Ім *
і паставіць на шлях крокі свае.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыйдзе наш Пан, Валадар зямлі
і скіне з нас ярмо няволі.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 5, 17–26

Дзіўныя рэчы бачылі мы сёння

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Аднойчы, калі Езус вучыў, былі там фарысеі і кніжнікі, якія прыйшлі з усіх мясцовасцяў Галілеі і Юдэі, і Ерузалема. І моц Пана была з Ім, што мог аздараўляць.

І вось людзі прынеслі на насілках чалавека, які быў спаралізаваны, і спрабавалі ўнесці яго ў дом і пакласці перад Ім. І калі з-за натоўпу не змаглі пранесці яго, залезлі на страху дома і праз дах спусцілі яго з насілкамі на сярэдзіну перад Езусам. І Ён, убачыўшы іх веру, сказаў: Чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае.

І пачалі разважаць кніжнікі і фарысеі, кажучы: Хто ён такі, што блюзніць? Хто можа адпускаць грахі, апрача самога Бога?

Зразумеўшы іх думкі, Езус сказаў ім у адказ: Як думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе грахі твае, ці сказаць: устань і хадзі? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі.  Сказаў Ён спаралізаванаму: Кажу табе: устань, вазьмі насілкі свае і ідзі да дому свайго. І адразу, устаўшы перад імі, ён узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў да дому сваго, славячы Бога.

І здзіўленне ахапіла ўсіх, і славілі Бога, і, напоўненыя страхам, казалі: Дзіўныя рэчы бачылі мы сёння.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.01.2010 15:03
 
© 2003-2024 Catholic.by