Аўторак — Другі тыдзень Адвэнту | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 40, 1–11

Бог суцяшае свой народ

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Суцешце, суцешце народ Мой! —
кажа ваш Бог.
Прамаўляйце да сэрца Ерузалема
і абвяшчайце яму,
што скончыўся час барацьбы ягонай,
што адплочаныя беззаконні ягоныя,
бо атрымаў ён з рукі Пана
ўдвая за ўсе свае грахі.
Голас таго, хто кліча ў пустыні:
падрыхтуйце дарогу Пану,
раўняйце ў стэпе шлях нашаму Богу!
Кожная даліна ўзвысіцца,
кожная гара і пагорак панізяцца,
і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,
і ланцугі гор — далінаю.
І з’явіцца слава Пана,
і адначасова ўбачыць яе кожнае цела,
бо так сказалі вусны Пана.
Голас кажа: Абвяшчай!
І сказаў я: Што абвяшчаць?
Кожнае цела — трава,
і ўся сіла яго — як палявая кветка.
Трава высыхае, вяне кветка,
калі падзьме на яе вецер Пана;
сапраўды, народ — гэта трава.
Высыхае трава, вяне кветка,
а слова Бога нашага трывае заўсёды.
Узыйдзі на высокую гару, Сіён,
які нясеш добрыя весткі!
Зрабі моцным голас свой, Ерузалем,
які нясеш добрыя весткі!
Зрабі моцным голас свой, не бойся!
Скажы гарадам юдэйскім:
Вось Бог ваш!
Вось Пан Бог прыходзіць з моцаю,
і плячо Ягонае, што мае ўладу.
Вось узнагарода Ягоная з Ім,
і адплата Ягоная перад Яго абліччам.
Як пастыр, Ён будзе пасвіць статак свой;
ягнятаў будзе браць на рукі
і насіць на грудзях сваіх,
з клопатам будзе вадзіць кормячых авечак.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 96 (95), 1–2. 3 і 10аc. 11–12. 13 (Р.: пар. Іс 40, 9–10)

Рэфрэн: Вось наш Бог прыходзіць з моцаю вялікай.

1. Спявайце Пану новую песню, *
спявай Пану, уся зямля.
2. Спявайце Пану, слаўце Ягонае імя, *
абвяшчайце з дня на дзень Яго збаўленне.

Рэфрэн:

3. Апавядайце між плямёнамі пра  славу Яго, *
паміж усімі народамі цуды Ягоныя.
10. Кажыце між плямёнамі: Пан валадарыць, *
Ён будзе судзіць народы справядліва.

Рэфрэн:

11. Няхай радуюцца нябёсы і весяліцца зямля, *
няхай шуміць мора і ўсё, што яго напаўняе.
12. Няхай усцешыцца поле і ўсё, што на ім, *
няхай усклікаюць тады ўсе дрэвы лясныя.

Рэфрэн:

13. Перад абліччам Пана, які прыходзіць, *
які прыходзіць судзіць зямлю.
Ён будзе судзіць свет справядліва, *
а народы паводле сваёй праўды.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Набліжаецца дзень Пана,
які прыйдзе, каб нас збавіць.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 18, 12–14

Бог не хоча гібелі тых, хто заблукаў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Аднойчы:

Езус сказаў сваім вучням: Як вы думаеце? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак, і адна з іх заблукала, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблукала? І, калі атрымаецца знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён радуецца ёй больш, чым дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.

Гэтак няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.01.2010 15:00
 
© 2003-2019 Catholic.by