І Нядзеля Адвэнту, Год В | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 63, 16b–17. 19b; 64, 2b–7

О, калі б Ты разарваў нябёсы і сышоў

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Ты, Пане, Айцец наш, Адкупіцель наш,
такое спрадвеку імя Тваё.
Чаму, Пане, дазваляеш збочваць са шляхоў Тваіх
і робіш сэрцы нашыя цвёрдымі,
каб мы не баяліся Цябе?
Вярніся дзеля слугаў Тваіх,
дзеля пакаленняў спадчыны Тваёй.
О, калі б Ты разарваў нябёсы і сышоў,
расталі б перад Табою горы.
Ты сышоў, і перад абліччам Тваім
растапіліся горы.
Бо адвеку не чулі,
ані слухалі вухам,
ані бачылі вокам, каб іншы бог,
апроч Цябе,
зрабіў бы столькі таму,
хто спадзяецца на Яго.
Ты сустракаеш тых,
хто радуецца і чыніць справядліва,
хто памятае пра Цябе на шляхах Тваіх.
І вось Ты загневаўся, бо здаўна
мы зграшылі і ўзбунтаваліся.
Усе мы сталіся як нячыстыя,
і як адзенне забруджанае —
уся нашая справядлівасць.
Завялі мы як лісце,
а правіны нашыя як вецер нясуць нас.
І няма нікога, хто заклікаў бы імя Тваё,
хто ўстаў бы, каб моцна трымацца за Цябе;
Бо Ты закрыў перад намі аблічча сваё
і пакінуў нас гінуць ад правінаў нашых.
Але, Пане, Ты — Айцец наш,
Мы — гліна, а Ты — наш ганчар,
і ўсе мы — справа рукі Тваёй.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

 Пс 80(79), 2аc і 3b. 15–16. 18–19 (Р.: 4)

Рэфрэн: Божа, аднаві і дай нам збаўленне.

2. Пастыр Ізраэля, паслухай, *
які сядзіш на хэрубінах, з’явіся.
3. Абудзі сваю магутнасць *
і прыйдзі нам на паратунак.

Рэфрэн:

15. Вярніся, Божа Магуццяў, *
паглядзі з нябёсаў і пабач, і наведай гэты вінаграднік.
16. Захавай тое, што пасадзіла Твая правіца, *
парастак, які Ты ўмацаваў для сябе.

Рэфрэн:

18. Няхай будзе рука Твая над мужам правіцы Тваёй, *
над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для сябе.
19. І не адступімся мы ад Цябе, *
ажыві нас, і мы будзем заклікаць імя Тваё.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Кар 1, 3–9

Чакаем аб’яўлення Пана нашага, Езуса Хрыста

Чытанне Першага паслання святога Апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста. Заўсёды дзякую Богу майму за вас, дзеля ласкі Божай, дадзенай вам у Хрысце Езусе. Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усялякім словам і ўсялякім веданнем. Хрыстовае сведчанне так умацавалася ў вас, што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста. Ён і будзе ўмацоўваць вас аж да канца, каб вы былі бязвіннымі ў дзень Пана нашага Езуса Хрыста. Верны ёсць Бог, які паклікаў вас да еднасці з Ягоным Сынам, Езусам Хрыстом, Панам нашым.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Пс 85 (84), 8
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць
і дай нам сваё збаўленне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 13, 33–37

Чувайце, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

Аднойчы:

Езус сказаў вучням сваім: Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане час той. Падобна гэта да чалавека, які, вырушаючы ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць.

Дык чувайце ж і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай; каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. А што вам кажу — кажу ўсім: Чувайце!

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 24.09.2010 14:36
 
© 2003-2024 Catholic.by