30 лістапада — свята св. Андрэя, апостала | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Рым 10, 9–18

Вера залежыць ад пачутага, а пачутае здзяйсняецца праз слова Хрыстовае

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Калі вы вуснамі сваімі будзеце вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеце збаўлены. Бо сэрцам вераць для апраўдання, а вуснамі вызнаюць для збаўлення. Пісанне ж кажа: Кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены. І няма розніцы паміж юдэем і элінам, бо той самы Пан ва ўсіх, шчодры для ўсіх, хто Яго кліча. Бо кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены.

Як жа будуць заклікаць таго, у каго не паверылі? Як будуць верыць у таго, каго не чулі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць? І як будуць абвяшчаць, калі іх не пашлюць? Як напісана: Якія прыгожыя ногі тых, хто абвяшчае добрыя навіны. Але не ўсе падпарадкаваліся Евангеллю. Бо Ісая кажа: Пане, хто паверыў пачутаму ад нас? Таму вера залежыць ад пачутага, а пачутае здзяйсняецца праз слова Хрыстовае. Але я кажу: Хіба не пачулі яны? Наадварот, па ўсёй зямлі прайшоў іхні голас і іхнія словы да краёй свету.

Гэта слова Божае.

а

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Пс 19 (18), 2–3. 4–5 (Р.: 5а)

Рэфрэн: Па ўсёй зямлі расходзіцца іх голас.

2. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, *
пра справу рук Яго расказвае небасхіл.
3. Дзень дню апавядае слова, *
ноч ночы адкрывае веды.

Рэфрэн:  

4. Няма мовы, і няма слоў, *
але чуецца іх голас.
5. Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх гук, †
і да межаў сусвету словы іхнія. *
Для сонца там шацёр у іх.

Рэфрэн:а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Мц 4, 19
Ідзіце за Мной, — кажа Пан, —
і Я зраблю вас лаўцамі людзей.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 4, 18–22

Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім.

А калі пайшоў адтуль далей, Ён убачыў іншых двух братоў: Якуба, сына Зэбэдэя, і Яна, брата ягонага, якія ў чаўне з бацькам іхнім Зэбэдэем правілі свае сеткі. І Ён паклікаў іх. Яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго, і пайшлі за Ім.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 08.11.2010 14:57
 
© 2003-2019 Catholic.by