І Нядзеля Вялікага посту, Год А | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Быц    2, 7–9; 3, 1–7

Стварэнне першых праайцоў і іх  грэх

Чытанне кнігі Быцця.

Пан Бог стварыў чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя подых жыцця, і стаў чалавек жывой істотай. І пасадзіў Пан Бог сад у Эдэне на ўсходзе, і пасяліў там чалавека, якога стварыў. І вырасціў Пан Бог з зямлі ўсялякае дрэва, прывабнае з выгляду і добрае для ежы, і дрэва жыцця пасярод гэтага саду, і дрэва пазнання дабра і зла.

А Змей быў найбольш хітрым з усіх палявых звяроў, якіх стварыў Пан Бог. І сказаў змей жанчыне: Ці сапраўды сказаў Бог “не ешце з ніякага дрэва ў раі”? Жанчына адказала яму: Мы можам есці плады з дрэў саду. Але пра плод дрэва, якое ў сярэдзіне раю, Бог сказаў: Не ешце яго і не дакранайцеся да яго, каб вам не памерці. І сказаў змей жанчыне: Не, не памрэце! Бо ведае Бог, што ў дзень, калі вы пакаштуеце з яго, адкрыюцца вочы вашыя, і будзеце, як Бог, які ведае дабро і зло. І ўбачыла жанчына, што гэта дрэва добрае для ежы, што яно прывабнае для вачэй і пажаданае дрэва для набыцця пазнання. Тады ўзяла яна плод яго і ела, і дала таксама мужу свайму, і ён еў. І адкрыліся ў іх абоіх вочы, і пазналі яны, што голыя, і сшылі лісты смакоўніцы, і зрабілі сабе павязкі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 51 (50), 3–4. 5–6аb. 12–13. 14 і 17 (Р.: пар. 3а)

Рэфрэн: Змілуйся над намі, Пане, бо мы зграшылі.

3. Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй *
і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае.
4. Абмый цалкам мяне ад правінаў маіх *
і ачысці мяне ад граху майго.

Рэфрэн:

5. Бо я ведаю беззаконні мае, *
і грэх мой заўжды перада мною.
6. Табе, Табе аднаму я зграшыў *
і зло ўчыніў перад Тваімі вачыма.

Рэфрэн:

12. Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, *
і аднаві ўва мне трывалы дух.
13. Не адкінь мяне ад свайго аблічча *
і не пазбаў мяне Духа Твайго Святога.

Рэфрэн:

14. Вярні мне радасць збаўлення Твайго *
і ўмацуй мяне духам прыхільным.
17. Пане, адкрый мае вусны, *
і вусны мае будуць абвяшчаць Тваю хвалу.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 5, 12. 17–19

Дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет і праз грэх — смерць, так і смерць перайшла на ўсіх людзей, бо ўсе зграшылі.

Калі з-за праступку аднаго чалавека смерць запанавала праз аднаго, то нашмат больш тыя, якія атрымалі шчодрыя ласкі і дары праведнасці, будуць валадарыць у жыцці дзякуючы Аднаму, Езусу Хрысту.

Як праступак аднаго прынёс усім людзям асуджэнне, так і праведнасць Аднаго прынесла жыццядайнае апраўданне ўсім людзям. Бо як праз непаслухмянасць аднаго чалавека многія сталі грэшнікамі, так і праз паслухмянасць Аднаго многія стануць справядлівымі.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мц 4, 4b
Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Не хлебам адным будзе жыць чалавек,
але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 4, 1–11

Езус пасціў сорак дзён, і д’ябал выпрабоўваў Яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. І пасціў Ён сорак дзён і сорак начэй, і нарэшце згаладаўся. Тады падышоў да Яго спакушальнік і сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам. А Ён сказаў у адказ: Напісана: не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на версе святыні і сказаў: Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Анёлам сваім загадае наконт Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагою сваёй. Езус сказаў Яму: Напісана таксама: не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго.

Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх, кажучы: Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне. Тады сказаў яму Езус: Адыдзі, сатана, бо напісана: Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.

Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось Анёлы падышлі і служылі Яму.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.02.2010 15:11
 
© 2003-2024 Catholic.by