Пятніца — V Тыдзень Вялікага посту | Друк |
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ер 20, 10–13

Пан са  мною, як магутны волат

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Я чуў пагалоскі многіх:
Страх навокал!
Выкрыйце, і мы выкрыем яго!
Усе, што былі ў згодзе са мною,
чакаюць падзення майго:
Можа, удасца, – яны кажуць, – падмануць яго,
тады пераможам яго і адпомсцім яму.
Але Пан са  мною, як магутны волат,
таму ганіцелі мае спатыкнуцца і скарáцца.
Пасаромяцца сваім падзеннем,
і будзе ім вечная і непазбыўная ганьба.
Пане Магуццяў, які выпрабоўваеш праведніка,
Ты глядзіш на задумы і сэрца,
прашу, каб я ўбачыў Тваю помсту над імі,
бо я адкрыў Табе сваю справу.
Спявайце Пану, праслаўляйце Пана,
бо Пан уратаваў жыццё беднага
ад рукі злачынцаў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 18 (17), 2–3а. 3bc–4. 5–6. 7  (Р.: пар. 7)

Рэфрэн: Паклікаў Пана, і Ён пачуў мой голас.

2. Буду любіць Цябе, Пане, *
моц мая.
3. Пан — мая скала i цвярдыня, *
Ён мой Збаўца.

Рэфрэн:

Бог мой — абарона мая, на Яго спадзяюся, *
шчыт мой, моц збаўлення майго, мая крэпасць.
4. Паклiчу Пана, годнага хвалы, *
i ад ворагаў маiх вызвалены буду.

Рэфрэн:

5. Акружылі мяне хвалі смерці *
і патокі беззаконня спалохалі мяне.
6. Аплялі мяне путы пякельныя, *
апярэдзілі мяне пасткі смерці.

Рэфрэн:

7. У сваёй нядолі я паклікаў Пана, *
паклікаў майго Бога,
і Ён пачуў мой голас са сваёй святыні, *
і плач мой дайшоў да Ягоных вушэй.

Рэфрэн:

a

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
пар. Ян 6, 63с, 68с
Словы Твае, Пане, ёсць духам і жыццём,
Ты маеш словы вечнага жыцця.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 10, 31–42

Намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Юдэі зноў узялі камяні, каб укаменаваць Езуса. Але Езус сказаў ім: Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца. За які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?

Юдэі адказалі Яму: Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам.

Езус адказаў ім: Ці не напісана ў Законе вашым «Я сказаў: вы багі»? Тыя, да каго было скіравана слова Божае, названы багамі, а Пісання нельга парушыць. То чаму ж вы гаворыце таму, каго Айцец асвяціў і паслаў у свет: Блюзнерыш, – за тое што Я сказаў: Я Сын Божы? Калі Я не раблю справы Айца Майго, не верце Мне. Аднак калі раблю, і не верыце Мне, паверце справам Маім, каб пазналі і ведалі, што Айцец ўва Мне, а Я ў Ім.

Тады яны зноў намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй і пайшоў зноў за Ярдан, на месца, дзе спачатку хрысціў Ян. І заставаўся там. Многія прыйшлі да Яго і казалі: Ян не ўчыніў ніводнага цуду, але ўсё, што Ян казаў пра Яго, было праўдай. І шмат хто паверыў там у Яго.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.02.2010 14:32
 
© 2003-2019 Catholic.by