Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, Год А | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Дрг 7, 6–11

Пан палюбіў вас і выбраў вас

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей сказаў народу:

Ты — народ, прысвечаны Пану, твайму Богу. Цябе выбраў Пан, твой Бог, каб сярод усіх народаў, якія існуюць на паверхні зямлі, ты быў Яго ўласным народам.

Пан выбраў вас і знайшоў упадабанне ў вас не таму, што колькасцю ты перавысіў усе народы, бо сярод усіх вас найменш, але таму, што Пан палюбіў вас. І каб захаваць прысягу, дадзеную вашым продкам, вывеў вас моцнаю рукою і выкупіў вас з дому няволі, з рук фараона, караля Егіпту.

Таму ведай, што Пан, Бог твой, ёсць Богам, Богам верным, які захоўвае запавет і любоў да тысячнага пакалення адносна тых, хто любіць Яго і захоўвае запаведзі Ягоныя, але які адплочвае знішчэннем кожнаму з тых, хто ненавідзіць Яго. Ён не марудзіць, сам адплочвае таму, хто ненавідзіць Яго.

Таму захоўвай запаведзі, пастановы і закон, якія табе сёння загадваю выконваць.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 103 (102), 1–2. 3–4. 6–7. 8 і 10 (Р.: 17)

Рэфрэн: Міласэрнасць Пана навекі для тых, хто Яго баіцца.

17. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
18. Благаславі, душа мая, Пана, *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.

Рэфрэн:

19. Ён адпускае ўсе беззаконні твае, *
і вылечвае ўсе твае хваробы,
20. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, *
літасцю і міласэрнасцю цябе карануе.

Рэфрэн:

6. Пан здзяйсняе справядлівасць *
і правасуддзе для ўсіх прыгнечаных.
7. Ён паказаў шляхі свае Майсею, *
сынам Ізраэля — дзеі свае.

Рэфрэн:

8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
10. Не чыніць з намі паводле  грахоў нашых *
і не адплачвае паводле правінаў нашых.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Ян 4, 7–16

Бог палюбіў нас

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.

Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён Сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.

Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адно аднаго. Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адно аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа. І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу. І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог.

Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.

Гэта слова Божае.

а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Мц 11, 29аb

Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, — кажа Пан, —
бо Я ціхі і пакорны сэрцам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 11, 25–30

Я ціхі і пакорны сэрцам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час, адказваючы, Езус сказаў: праслаўляю  Цябе, Ойча, Пан  неба  і  зямлі, што ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына апроч Айца; і ніхто не ведае Айца апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.

Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне: бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 03.06.2010 13:47
 
© 2003-2019 Catholic.by