29 чэрвеня — урачыстасць святых Пятра и Паўла, апосталаў | Друк |


1. Імша ў вігілію.

2. Імша ўдзень.

Імша ў вігілію

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Дз 3, 1–10

Што маю, тое даю табе: у імя Езуса, устань і хадзі

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Пётр і Ян ішлі ў святыню на малітву а дзевятай гадзіне. І быў там чалавек, кульгавы ад нараджэння, якога насілі і садзілі штодня каля брамы святыні, што звалася Прыгожай, каб ён прасіў міласціну ў тых, хто ўваходзіў у святыню. Ён убачыў Пятра і Яна, якія збіраліся ўвайсці ў святыню, і папрасіў у іх міласціну.

Пётр з Янам зірнулі на яго і сказалі: Паглядзі на нас. І ён паглядзеў на іх, спадзеючыся што-небудзь атрымаць. Пётр сказаў: Срэбра і золата не маю, але што маю, тое даю табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэту, устань і хадзі. І ўзяў яго за правую руку, і падняў яго. І адразу ўмацаваліся ногі яго і ступні. Ускочыў, устаў і пачаў хадзіць, і ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы, падскокваючы і славячы Бога.

Усе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога. І пазналі яго, што гэта быў той самы, які сядзеў каля Прыгожай брамы святыні дзеля міласціны, і напоўніліся жахам і здзіўленнем ад таго, што сталася з ім.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 19(18), 2–3. 4–5 (Р.: 5а)

Рэфрэн: Па ўсёй зямлі расходзіцца іх голас.

2. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, *
пра справу рук Яго расказвае небасхіл.
3. Дзень дню апавядае слова, *
ноч ночы адкрывае веды.

Рэфрэн: 

4. Няма мовы, і няма слоў, *
але чуецца іх голас.
5. Па ўсёй зямлі расходзіцца іх гук, †
і да межаў сусвету словы іхнія. *
Для сонца там шацёр у іх.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Гал 1, 11–20

Бог выбраў мяне ад улоння маці маёй

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Адкрываю вам, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ад чалавека.  Бо і я прыняў яго і быў навучаны не ад чалавека, а дзякуючы аб’яўленню Езуса Хрыста.

Вы чулі пра маё ранейшае жыццё ў юдаізме, як жорстка я пераследаваў Касцёл Божы і нішчыў яго, як перавышаў у юдаізме многіх аднагодкаў з майго народу, будучы занадта зацятым прыхільнікам традыцый маіх продкаў. Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоння маці маёй і паклікаўшы ласкаю сваёю, пажадаў аб’явіць праз мяне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго язычнікам, я не пачаў адразу ж раіцца з целам і крывёю, і не пайшоў у Ерузалем да Апосталаў, якія былі маімі папярэднікамі, а пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.

Пасля, праз тры гады, я пайшоў у Ерузалем наведаць Кефаса і прабыў у яго пятнаццаць дзён.  Іншых з Апосталаў я не бачыў нікога, акрамя Якуба, брата Пана. У тым, што я пішу вам, Бог мне сведка, няма маны.

Гэта слова Божае.

а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 21, 17d

Пане, Ты ўсё ведаеш,
Ты ведаеш, што я люблю Цябе.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 21, 15–19

Пасі ягнят Маіх, пасі авечак Маіх

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Калі ж Езус з’явіўся перад сваімі вучнямі і паснедаў з імі, сказаў Сымону Пятру: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Той адказаў Яму: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Езус кажа яму: Пасі ягнят Маіх.

Зноў кажа яму другі раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Ён адказаў: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе? Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх.

І кажа яму трэці раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго «ці любіш ты Мяне?», і сказаў: Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе.

Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарышся, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража і павядзе, куды не хочаш.

А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: Ідзі за Мной!

Гэта слова Пана.

ф Імша ўдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Дз 12, 1–11

Цяпер сапраўды ведаю, што Пан уратаваў мяне ад рукі Ірада

Чытанне Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Кароль Ірад пачаў пераследаваць некаторых людзей з Касцёла. Забіў Якуба, брата Яна, мячом. А калі ўбачыў, што гэта спадабалася юдэям, схапіў таксама і Пятра. А былі дні Праснакоў. І затрымаўшы яго, пасадзіў у цямніцу і загадаў чатыром чацвёркам жаўнераў вартаваць яго, маючы намер пасля Пасхі выдаць яго народу.

Так Пятра вартавалі ў цямніцы, а Касцёл рупліва маліўся за яго да Бога. У тую ноч, калі Ірад хацеў выдаць яго, той спаў паміж двума жаўнерамі, скаваны падвойнымі ланцугамі, і ахоўнікі каля брамы вартавалі цямніцу. І вось анёл Пана з’явіўся перад ім, і святло заззяла ў цямніцы. Штурхнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго і сказаў: Устань хутчэй. І ланцугі апалі з рук ягоных. І сказаў яму анёл: Падперажыся і завяжы свае сандалі. І зрабіў так. Пасля кажа яму: Адзень плашч свой і ідзі за мною. Калі выйшаў, пайшоў следам за ім, не ведаючы, ці праўдзівае тое, што робіць анёл. Думаў жа, што гэта з’ява. Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнай брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі. Выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, і раптам анёл пакінуў яго. Тады Пётр, апамятаўшы, сказаў: Цяпер сапраўды ведаю, што Пан паслаў анёла свайго і ўратаваў мяне ад рукі Ірада і ад усяго, чаго чакаў народ юдэйскі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 34 (33), 2–3. 4–5. 6–7. 8–9  (Р.: 5b)

Рэфрэн: Ад усіх пагрозаў Пан вызваліў мяне.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
5. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.

Рэфрэн:

4. Узвялічвай Пана са мной, *
будзем узвышаць імя Яго разам.
5. Я шукаў Пана, і Ён пачуў мяне, *
і ад усіх пагрозаў вызваліў мяне.

Рэфрэн:

6. Гляньце на Яго і прасвятліцеся, *
і твары вашыя не спазнаюць сораму.
7. Вось няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў, *
і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.

Рэфрэн:

8. Анёл Пана аберагае тых, хто Яго баіцца, *
і вызваляе іх.
9. Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан! *
Шчаслівы чалавек, які на Яго спадзяецца.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

2 Цім 4, 6–8. 17–18

А цяпер рыхтуецца мне вянок справядлівасці

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Я ўжо праліваюся, як ахвяра, і настаў час майго адыходу. У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў. Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які дасць мне Пан, справядлівы Суддзя, у дзень той. І не толькі мне, але ўсім, хто палюбіў Яго аб’яўленне.

Пан з’явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне і каб пачулі ўсе язычнікі, і каб пазбег я ільвінай пашчы. Уратуе мяне Пан ад кожнай ліхой справы і захавае мяне для свайго Нябеснага Валадарста. Яму слава на векі вякоў. Амэн.

Гэта слова Божае.

а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Мц 16, 18

Ты — Скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой,
і брамы пякельныя не перамогуць яго.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 16, 13–19

Ты — Пётр, і дам табе ключы Валадарства Нябеснага

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У тыя дні:

Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў.

Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 17.06.2010 17:00
 
© 2003-2019 Catholic.by