26 студзеня — успамін св. Цімафея і Ціта, біскупаў. | Друк |
Першае чытанне гэтага ўспаміну з’яўляецца ўласным
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
2 Цім 1, 1–8

Калі ўспамінаю пра тваю некрывадушную веру

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, згодна з абяцаннем жыцця ў Хрысце Езусе — Цімафею, умілаванаму сыну: ласка, міласэрнасць, спакой ад Бога Айца і Хрыста Езуса, нашага Пана. Калі я няспынна ўспамінаю пра цябе ў сваіх малітвах удзень і ўначы, я ўдзячны Богу, якому на ўзор продкаў служу з чыстым сумленнем.

Узгадваючы пра твае слёзы, я прагну ўбачыць цябе, каб напоўніцца радасцю. Калі ўспамінаю пра тваю некрывадушную веру, якая спярша жыла ў тваёй бабулі Лаідзе і тваёй маці Эўніцы, я перакананы, што яна жыве таксама ў табе.

З гэтай прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне маіх рук. Таму што  Бог не даў нам Духа боязі, але сілы, любові і разважнасці.

Дык не саромейся сведчання нашага Пана, ні мяне, вязня Ягонага, але далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля паводле моцы Бога.

Гэта слова Божае.

а

Або:

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ціт 1, 1-5

Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Ціта.

Павел, слуга Божы і апостал Езуса Хрыста, дзеля веры выбраных Божых і спазнання праўды адносна пабожнасці, у надзеі на вечнае жыццё, якое спрадвеку абяцаў праўдзівы Бог, а ў адпаведныя часы з’явіў сваё слова ў прапаведаванні, давераным мне паводле загаду Збаўцы нашага, Бога — Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: ласка і спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Збаўцы нашага.

Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты прывёў у парадак тое, што засталося незакончаным, і прызначыў па гарадах прэзбітэраў, як я наказваў табе.

Гэта слова Божае.

а

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 96 (95), 1–2а. 2b–3. 7–8а. 10 (Р.: 3)

Рэфрэн: Апавядайце між народамі пра  славу Пана.

1. Спявайце Пану новую песню, *
спявай Пану, уся зямля.
2. Спявайце Пану, *
слаўце Ягонае імя.

Рэфрэн:

Абвяшчайце з дня ў дзень Яго збаўленне. *
3. Апавядайце між плямёнамі пра  славу Яго,
паміж усімі народамі *
пра цуды Ягоныя.

Рэфрэн:

7. Аддайце Пану, плямёны народаў, *
аддайце Пану славу і моц,
8. аддайце Пану *
славу дзеля імя Ягонага.

Рэфрэн:

10. Кажыце між плямёнамі:*
Пан валадарыць.
Ён сусвет умацаваў, каб не пахіснуўся. *
Ён будзе судзіць народы справядліва.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Лк 4, 18
Пан намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 10, 1–9

Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Пан прызначыў семдзесят двух іншых вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё.

Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: Спакой гэтаму дому! І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне ваш спакой. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.

І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: Наблізілася да вас Валадарства Божае.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 25.01.2010 18:20
 
© 2003-2024 Catholic.by