26 ліпеня — успамін св. Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Сір 44, 1. 10–15

Іх імёны жывуць з пакалення ў пакаленне

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Усхвалім слаўных мужоў
і айцоў нашага роду.
Мужы міласэрнасці гэта тыя,
чыя справядлівасць не была забыта.
Яна засталася ў іхнім патомстве,
а добрая спадчына — іхнія нашчадкі.
Іхняе патомства трымаецца запавету,
а дзякуючы ім — і іхнія дзеці.
Патомства іх будзе трываць навекі,
а слава іх ніколі не знікне.
Іхнія целы спачываюць у спакоі,
а іх імёны жывуць з пакалення ў пакаленне.
Народы апавядаюць пра іх мудрасць,
а сход абвяшчае хвалу.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
   Пс 132 (131), 11. 13–14. 17–18 (Р.: пар. Лк 1, 32b)

Рэфрэн: Дасць Яму Пан Бог трон айца Давіда.

11. Прысягаў Пан Давіду ў вернасці, *
і не адступіць ад яе:
Народжанае ад цябе патомства *
пасаджу на троне тваім.

Рэфрэн:  

13. Пан выбраў Сіён, *
упадабаў яго сабе як жыллё.
14. Гэта месца Майго адпачынку навекі, *
тут пасялюся, бо ўпадабаў яго.

Рэфрэн:  

17. Там вырашчу моц Давіда, *
падрыхтую светач памазанніку Майму.
18. Ворагаў ягоных апрану ў сорам; *
а на ім заззяе дыядэма яго.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
пар. Лк 2, 25с
Чакалі суцяшэння Ізраэля,
і Дух Святы спачываў на іх.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 13, 16–17

Многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Шчаслівыя вочы вашыя, таму што бачаць, і вушы вашыя, таму што чуюць. Бо сапраўды кажу вам: Многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць, што вы чуеце, і не пачулі.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 06.07.2010 17:41
 
© 2003-2024 Catholic.by