8 жніўня — успамін св. Дамініка, святара | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
1 Кар 2, 1–10а

Абвяшчаем мудрасць Божую, схаваную ў таямніцы

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Калі я прыйшоў да вас, браты, я не прыйшоў абвяшчаць вам сведчанне Божае ўзнёслым словам ці мудрасцю. Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага.

І я стаў перад вамі ў слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні. А слова маё і прапаведаванне маё не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў праяўленні духа і сілы, каб вера вашая абапіралася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай.

Мы абвяшчаем мудрасць сярод дасканалых, і не мудрасць гэтага свету ці знікомых князёў гэтага свету. Але абвяшчаем мудрасць Божую, схаваную ў таямніцы, якую Бог прадвызначыў перад вякамі для славы нашай. Ніхто з князёў гэтага свету не спазнаў яе; бо, калі б пазналі, не ўкрыжавалі б Пана славы. Але, як напісана: Чаго вока не бачыла, і вуха не чула і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго. Нам жа Бог адкрыў праз Духа.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Пс 96 (95), 1–2a. 2b–3. 7–8а. 10 (Р.: 3)

Рэфрэн: Апавядайце між народамі пра  славу Пана.

1. Спявайце Пану новую песню, *
спявай Пану, уся зямля.
2. Спявайце Пану, *
слаўце Ягонае імя.

Рэфрэн:

Абвяшчайце з дня ў дзень Яго збаўленне. *
3. Апавядайце між плямёнамі пра  славу Яго,
паміж усімі народамі *
пра цуды Ягоныя.

Рэфрэн:

7. Аддайце Пану, плямёны народаў, *
аддайце Пану славу і моц.
8. Аддайце Пану *
славу дзеля імя Ягонага.

Рэфрэн:

10. Кажыце між плямёнамі:*
Пан валадарыць.
Ён сусвет умацаваў, каб не пахіснуўся. *
Ён будзе судзіць народы справядліва.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 8, 12
Я — святло свету, — кажа Пан.
Хто ідзе за Мною, будзе мець святло жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 9, 57–62

Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус і вучні Ягоныя былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. Езус сказаў яму: Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву.

А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той адказаў: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго. Але Езус сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае.

Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі. Езус жа сказаў яму: Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 04.08.2010 12:39
 
© 2003-2019 Catholic.by