15 кастрычніка — успамін св. Тэрэзы ад Езуса, панны і доктара Касцёла | Друк |
 
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Рым 8, 22–27

Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Мы ж ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і пакутуе ажно да цяперашняга часу. І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, выкуплення цела нашага. Мы ўратаваныя праз надзею. А надзея, калі нехта бачыць, не ёсць надзеяй. Бо, калі хто бачыць, навошта яму яшчэ спадзявацца? Але калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады чакаем цярпліва.

Таксама і Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але Сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі. Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Пс 19 (18), 8. 9. 10. 11 (Р.: 10b або Ян 6, 63с)

Рэфрэн: Прысуды Пана праўдзівыя і ўсе справядлівыя.
Рэфрэн: Словы Твае, Пане, ёсць духам і жыццём.

8. Закон Пана дасканалы, *
умацоўвае душу,    
сведчанне Пана вернае, *
яно дае мудрасць простым.

Рэфрэн: 

9. Загады Пана справядлівыя *
і радуюць сэрца;
наказ Пана ясны, *
прасвятляе вочы.

Рэфрэн:

10. Боязь Божая беззаганная *
і вечна трывае;
прысуды Пана праўдзівыя *
і ўсе справядлівыя.

Рэфрэн:

11. Больш каштоўныя, чым золата, *
чым мноства чыстага золата,
і саладзейшыя за мёд *
і сок сотавы.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 15, 9b. 5b
Заставайцеся ў Маёй любові, — кажа Пан, —
хто застаецца ўва Мне, той прыносіць багаты плён.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 15, 1–8

Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.

Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 04.10.2010 17:14
 
© 2003-2024 Catholic.by