3 лістапада — успамін св. Марціна дэ Порэса, законніка | Друк |
 
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Флп 4, 4–9

Што беззаганнае, пра гэта думайце

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Радуйцеся заўсёды ў Пану; яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу.

І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.

Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае,  што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце. Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Пс 131 (130), 1. 2–3

Рэфрэн: Сцеражы душу маю ў Тваім спакоі, Пане.

1. Пане, маё сэрца не ганарыцца *
i не ўзнімаюцца мае вочы,
я не ганяўся за вялiкiм *
і тым, што недасяжна для мяне.

Рэфрэн:

2. Але суцяшаў і супакойваў маю душу; †
як немаўля, аднятае ад грудзей сваёй мацi,*
душа мая ўва мне, як аднятае немаўля.
3. Няхай Iзраэль спадзяецца на Пана *
адгэтуль i навекi.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 13, 34
Новую запаведзь даю вам, — кажа Пан, —
каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 22, 34–40

Любі Пана Бога твайго і любі бліжняга твайго, як самога сябе

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?

Езус сказаў яму: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 02.11.2010 13:02
 
© 2003-2019 Catholic.by