Пятніца — ІІ Велікодны тыдзень | Друк |
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 5, 34–42

А яны пайшлі, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за імя Езуса

Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Адзін з фарысеяў па імені Гамаліэль, настаўнік Закону, паважаны ўсім народам, устаў на месцы пасяджэнняў і загадаў на хвіліну вывесці Апосталаў. Пасля сказаў: Мужы ізраэльскія, добра падумайце, што хочаце зрабіць з гэтымі людзьмі. Бо нядаўна перад гэтым з’явіўся Тэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага. Далучылася да яго каля чатырохсот чалавек. Але ён быў забіты, і ўсе, хто слухаў яго, разышліся і зніклі. Пасля яго, падчас перапісу, з’явіўся Юда з Галілеі і павёў народ за сабою. Але і ён загінуў, і ўсе, хто слухаўся яго, рассеяліся.

І цяпер кажу вам: адступіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэтая задума і гэтая справа ад людзей, то яна знікне, а калі ад Бога, то вы не здолееце знішчыць іх. Каб часам вы не змагаліся з Богам. І яны паслухаліся яго.

Паклікаўшы Апосталаў, збілі іх і забаранілі ім прамаўляць у імя Езуса, і адпусцілі. А яны пайшлі з месца пасяджэння, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за імя Езуса.

Не пераставалі кожны дзень навучаць у святыні і па дамах і абвяшчаць Евангелле Езуса Хрыста.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 27 (26), 1. 4. 13–14  (Р.: пар. 4аb)

Рэфрэн: Аднаго прашу ў Пана, каб жыць у Яго доме.
Або: Аллелюя.

1. Пан — маё святло і маё збаўленне: *
каго ж мне баяцца?
Пан — ахова жыцця майго: *
каго ж мне палохацца?

Рэфрэн:

4. Аднаго я прашу ў Пана і толькі гэтага жадаю, *
каб жыць мне ў доме Пана ва ўсе дні жыцця майго.
Каб сузіраць хараство Пана *
і наведваць Яго святыню.

Рэфрэн:

13. Веру, што ўбачу дабрыню Пана *
ў краіне жывых.
14. Спадзявайся на Пана, будзь мужным, *
няхай умацуецца сэрца тваё, спадзявайся на Пана.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Мц 4, 4b
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не хлебам адным будзе жыць чалавек,
але ўсялякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 6, 1–15

Падзякаваўшы, раздаў тым, хто сядзеў, колькі хто хацеў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус адышоў на другі бок Галілейскага мора, у ваколіцы Тыберыяды. Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі цуды, якія Ён чыніў над хворымі.

Езус узыйшоў на гару і сядзеў там са сваімі вучнямі. А набліжалася Пасха, юдэйскае свята.

Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх? А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць.

Філіп адказаў Яму: Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць, каб кожнаму дасталося хоць крыху. Адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму: Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы,  але што гэта для такога мноства?              

Езус сказаў: Загадайце ім сесці. А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч.

Езус узяў хлябы і, падзякаваўшы, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. А калі насыціліся, сказаў вучням сваім: Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася. Сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся пасля тых, хто еў.

Калі ж людзі ўбачылі, які цуд учыніў Езус, казалі: Ён сапраўды прарок, які мае прыйсці на свет. Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 07.04.2010 16:10
 
© 2003-2024 Catholic.by