Спасланне Духа Святога | Друк |

 

Імша ў вігілію

Гэтыя чытанні выкарыстоўваюцца на Імшы, якая цэлебруецца вечарам у суботу перад ці пасля І Нешпараў нядзелі Спаслання Духа Святога.

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 11, 1–9

Таму дадзена яму імя: Бабілён, бо там змяшаў Пан мову ўсёй зямлі

Чытанне кнігі Быцця.

На ўсёй зямлі была адна мова і аднолькавыя словы. Рушыўшы з усходу, людзі знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там. І сказалі адзін аднаму: Давайце наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны. І сказалі яны: Давайце збудуем сабе горад і вежу, вяршыня якой узнясецца да нябёсаў, і зробім сабе знак, каб не рассеяцца па паверхні ўсёй зямлі. І сышоў Пан  паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны чалавечыя.

І сказаў Пан: Вось адзін народ і адна ва ўсіх мова; і вось што пачалі рабіць, і не адступяцца яны ад таго, што задумалі ўчыніць. Сыдзем жа і змяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў мовы другога. І рассеяў іх Пан адтуль па паверхні ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад. Таму дадзена яму імя: Бабілён, бо там змяшаў Пан мову ўсёй зямлі, і адтуль рассеяў іх Пан па паверхні ўсёй зямлі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 104 (103), 1–2а. 24 і 35c. 27–28. 29bc–30  (Р.: пар. 30)

Рэфрэн: Спашлі, Пане, свайго Духа і аднаві аблічча зямлі.
Або: Аллелюя.

1. Благаславі, душа мая, Пана, *
Пане, Божа мой, Ты вельмі вялікі.
Ты апрануўся ў веліч і красу. *
2. Ты ахінуўся святлом, быццам шатай.

Рэфрэн:

24. Незлічоныя, Пане, Твае справы. *
Усё Ты мудра стварыў,
зямля напоўнілася Тваімі стварэннямі. *
35. Благаславі, душа мая, Пана!

Рэфрэн:

27. Усе яны чакаюць, што Ты дасі ім есці ў свой час. *
28. Калі даеш ім, яны падбіраюць,
Калі раскрываеш руку сваю, *
яны насычаюцца дабром.

Рэфрэн:

29. Ты забіраеш іхні дух, і яны гінуць, *
і вяртаюцца ў свой пыл.
30. Ты пасылаеш свайго Духа і паўстаюць яны, *
Ты аднаўляеш аблічча зямлі.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 8, 22–27

Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Бо мы ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і пакутуе ажно да цяперашняга часу. І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, выкуплення цела нашага. Бо мы ўратаваныя праз надзею. А надзея, калі нехта бачыць, не ёсць надзеяй. Бо, калі хто бачыць, навошта яму яшчэ спадзявацца? Але калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады чакаем цярпліва.

Таксама і Дух дапамагае ў слабасцях нашых; бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але Сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі. Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай.

Гэта слова Божае.

а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыдзі, Дух Святы,
напоўні сэрцы сваіх верных
і запалі ў іх агонь сваёй любові.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 7, 37–39

Пацякуць рэкі вады жывой

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У апошні вялікі дзень свята Езус стаў і, заклікаючы, сказаў: Хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е. Хто верыць ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой.

Гэта сказаў Ён пра Духа, якога павінны былі прыняць тыя, хто паверыў у Яго: бо яшчэ не было Духа Святога, таму што Езус яшчэ не ўславіўся.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.04.2010 13:41
 
© 2003-2024 Catholic.by