Чацвер — першы звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 3, 7–14

Настаўляйце адзін аднаго штодня, пакуль можна казаць «сёння»

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Як гаворыць Дух Святы: Сёння, калі пачуеце Ягоны голас, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у час смуты, у дзень выпрабавання ў пустыні, дзе, спакушаючы, выпрабоўвалі Мяне бацькі вашыя і бачылі справы Мае на працягу сарака гадоў. Таму Я і разгневаўся на пакаленне тое, і сказаў: Яны заўсёды блукаюць у сэрцы, не пазналі яны шляхоў Маіх. Таму Я прысягнуў у гневе Маім, што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак.

Глядзіце, браты, каб не было ў каго з вас ліхога сэрца бязвер’я, якое аддаляе ад Бога жывога. Але настаўляйце адзін аднаго штодня, пакуль можна казаць «сёння», каб ніхто з вас не стаў жорсткім праз падман граху.

Бо мы станемся саўдзельнікамі Хрыста, калі да канца захаваем моцную надзею, якую мелі ад пачатку.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 95 (94), 6–7. 8–9. 10–11  (Р.: 8)

Рэфрэн: Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя.

6. Прыйдзіце, паклонімся і ўпадзём, *
укленчым перад Панам, які нас стварыў.
7. Бо Ён — наш Бог, *
а мы — народ Ягонай пашы і авечкі Ягонай рукі.

Рэфрэн:

О, каб вы паслухалі сёння Ягоны голас: †
8. Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у Мэрыба, *
як на пустыні ў дзень Масса,
9. дзе Мяне спакушалі айцы вашыя, *
выпрабоўвалі Мяне, хоць і бачылі справы мае.

Рэфрэн:

10. Сорак гадоў выклікала агіду ўва Мне гэтае пакаленне, +
і Я сказаў: Гэта народ, які блукае сэрцам, *
яны не пазналі Маіх дарог,
11. таму пакляўся Я ў гневе сваім, *
што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Сам 4, 1–11

Разбілі Ізраэль, і захоплены быў каўчэг запавету

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

Сталася ў тыя дні:

Філістымляне сабраліся на вайну супраць Ізраэля. Ізраэль таксама вырушыў на бітву супраць філістымлянаў. І размясцілі стан каля Абэнэцэра. Тымчасам філістымляне прыбылі ў Афэк і выстраіліся супраць Ізраэля. І разгарнулася бітва, і быў разбіты Ізраэль філістымлянамі, якія забілі на полі бітвы каля чатырох тысяч чалавек.

Калі вярнуліся людзі ў лагер, старэйшыя Ізраэля казалі: Чаму Пан дазволіў разбіць нас сёння перад філістымлянамі? Возьмем да сябе з Сілома каўчэг запавету Пана, каб ішоў сярод нас і вызваліў нас ад рукі непрыяцеляў нашых. І паслаў народ у Сілом, і прынеслі адтуль каўчэг запавету Пана Магуццяў, які сядзіць на Хэрубінах. І былі з каўчэгам запавету Пана два сыны Элія, Офні і Фінхас.

Калі прынеслі каўчэг запавету Пана ў стан, увесь Ізраэль ўзняў вялікі крык і задрыжэла зямля. І пачулі філістымляне шум крыку, і казалі: Што гэта за шум моцнага крыку ў лагеры габрэяў?  І даведаліся, што каўчэг запавету прыбыў у стан. І спалохаліся філістымляне, кажучы: Бог наведаў стан! І бедавалі са словамі: Гора нам! Бо не здаралася такога ні ўчора, ні яшчэ раней. Гора нам! Хто ж выратуе нас ад рукі гэтых магутных багоў? Гэта багі, якія спаслалі на Егіпет ўсялякую пошасць у пустыні. Мацуйцеся і будзьце мужнымі, філістымляне, каб не служыць габрэям, як і яны служылі нам. Будзьце адважнымі і змагайцеся.

І змагаліся  філістымляне, і разбілі Ізраэль, і кожны ўцякаў да палаткі сваёй. І параза іх была вельмі вялікая: з ізраэльцян палегла трыццаць тысяч пяхоты. І захоплены быў каўчэг запавету, а два сыны Элія, Офні і Фінхас, загінулі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 44 (43), 10–11. 14–15. 24–25 (Р.: 26d)

Рэфрэн: Адкупі нас, Пане, у сваёй міласэрнасці.

10. Адкінуў Ты нас і пасароміў, *
і не выходзіш з нашымі войскамі.
11. Прымусіў нас уцякаць ад ворага, *
а ненавіснікі нашыя нас абкрадаюць.

Рэфрэн:

14. Ты аддаў нас на знявагу нашым суседзям, *
на асмяянне і пагарду тых, хто нас атачае.
15. Ты зрабіў нас прыказкаю для язычнікаў, *
і галавою ківаюць над намі народы.

Рэфрэн:

24. Абудзіся, чаму спіш Ты, Пане? *
Прачніся і не адкідай нас назаўсёды.
25. Чаму хаваеш Ты сваё аблічча *
і забываеш пра нашую нядолю і пра наш уціск.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. Мц 4, 23
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус абвяшчаў Евангелле аб Валадарстве
і лячыў усялякую немач у людзей.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 1, 40–45

Праказа сышла з яго, і ён стаў чысты

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Прыйшоў да Езуса пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго: Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, злітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ж праказа сышла з яго, і ён стаў чысты.

Езус строга перасцярог яго і адразу адправіў, кажучы: Глядзі, нікому нічога не кажы; але ідзі, пакажыся святару і дай ахвяру за ачышчэнне сваё, як загадаў Майсей, для сведчання ім.

Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і шмат расказваць пра падзею, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, але быў здалёк, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 15.01.2010 13:58
 
© 2003-2024 Catholic.by