Чацвер — пяты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 2, 18–25

Прывёў яе да Адама. І стануць яны адным целам

Чытанне кнігі Быцця.

І сказаў Пан Бог:

Не добра, каб чалавек быў адзін. Ствару адпаведную яму дапамогу. Пан Бог учыніў з зямлі ўсіх звяроў палявых і ўсіх птушак нябесных і прывёў іх да Адама, каб убачыць, як ён назаве іх. І як Адам назваў кожную жывую істоту, такім і было яе імя. І назваў Адам імёнамі сваімі ўсякую жывёлу, птушак нябесных і ўсякіх звяроў палявых, але для чалавека не знайшлося адпаведнай яму дапамогі. Тады Пан Бог спаслаў на Адама глыбокі сон. А калі той заснуў, вынуў адно з рэбраў ягоных, а месца тое закрыў целам. Потым з рабра, узятага з Адама, збудаваў Пан Бог жанчыну і прывёў яе да Адама. І сказаў Адам: Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела. Яна будзе названа жанчынай, бо ад мужчыны была ўзята. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і стануць яны адным целам.

І былі абодва голыя, Адам і жонка ягоная, але не саромеліся.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 128 (127), 1–2. 3. 4–-5  (Р.: пар. 1а)

Рэфрэн: Шчаслівы чалавек, які баіцца Пана.

1. Шчаслівы кожны, хто баіцца Пана, *
хто ходзіць Ягонымі шляхамі.
2. Плён працы рук сваіх будзеш спажываць, *
будзеш шчаслівы і добра табе будзе.

Рэфрэн:

3. Жонка твая, як урадлівая вінаградная лаза *
ў сценах дому твайго.
Сыны твае, як аліўкавыя парасткі, *
вакол стала твайго.

Рэфрэн:

4. Вось так будзе благаслаўлёны чалавек, *
які баіцца Пана.
5. Няхай благаславіць цябе Пан з Сіёну, †
і ты ўбачыш дабрабыт Ерузалема *
ва ўсе дні жыцця свайго.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Вал 11, 4–13

За тое, што ты не захаваў Майго запавету, Я забяру ў цябе каралеўства, але адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

Калі Саламон састарэў, жонкі ягоныя схілілі сэрца яго да чужых багоў, і сэрца ягонае не было цалкам з Панам Богам, як сэрца яго бацькі Давіда.  Пайшоў Саламон за Астартай, багіняй сідонскай, і Мільхомам, ідалам аманітаў. І рабіў Саламон благое ў вачах Пана, і не ішоў поўнасцю за Панам, як ягоны бацька Давід. І збудаваў Саламон капішча Хамосу, ідалу маабскаму, на гары, на ўсход ад Ерузалема, і Мільхому, ідалу аманітаў. Так зрабіў ён для ўсіх сваіх чужаземных жонак, якія кадзілі і прыносілі ахвяры сваім багам.

І разгневаўся Пан на Саламона за тое, што ён адвярнуў сэрца сваё ад Пана, Бога Ізраэля, які двойчы з’яўляўся яму і наказаў яму, каб ён не ішоў за іншымі багамі. Але ён не захаваў таго, што наказаў яму Пан. Тады Пан сказаў Саламону: За тое, што ты так зрабіў і не захаваў Майго запавету і Маіх пастановаў, якія Я даў табе, Я забяру ў цябе каралеўства і аддам яго твайму слузе. Аднак дзеля бацькі твайго Давіда Я не зраблю гэтага пры тваім жыцці, але вырву яго з рук твайго сына. Не адыму ўсяго каралеўства, але адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда, слугі Майго, і дзеля Ерузалема, які Я выбраў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 106 (105), 3–4. 35–36. 37 і 40  (Р.: 4а)

Рэфрэн: Памятай пра нас, Пане, у сваёй прыхільнасці.

3. Шчаслівыя, хто захоўвае права *
і заўсёды чыніць справядлівасць.
4. Памятай пра нас, Пане, †
у прыхільнасці да свайго народа. *
Наведай нас у Тваім збаўленні.

Рэфрэн:

35. Айцы нашы змяшаліся з язычнікамі *
і навучыліся іхнім учынкам.
36. Служылі ідалам іхнім, *
якія сталі для іх пасткаю.

Рэфрэн:

37. І сыноў сваіх, і дачок *
прыносілі ў ахвяру злым духам.
40. І гнеў Пана запалаў на Яго народ, *
ажно агіднай стала Яму спадчына Яго.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Як 1, 21bc
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыміце з пакораю пасаджанае ў вас слова,
якое можа збавіць вашыя душы.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 7, 24–30

Шчаняты ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус падняўся і адышоў у межы Тыра. Увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ведаў пра гэта, але не змог утаіцца. Бо жанчына, у якой была апанаваная нячыстым духам дачка, адразу пачула пра Яго, прыйшла і ўпала да Ягоных ног. А была яна язычніца, родам сірафініцыянка. І прасіла Яго выгнаць нячыстага духа з яе дачкі. Ён адказаў ёй: Дай спачатку насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.

Яна ж адказала Яму, кажучы: Пане, але і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей. Тады Ён сказаў ёй: Дзеля гэтага слова ідзі, нячысты дух выйшаў з тваёй дачкі. Калі яна прыйшла ў свой дом, убачыла, што дзяўчына ляжала на ложку, а нячысты дух выйшаў з яе.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 28.01.2010 11:39
 
© 2003-2024 Catholic.by