Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аўторак — шосты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 6, 5–8; 7, 1–5. 10

Сатру з паверхні зямлі чалавека, якога стварыў

Чытанне кнігі Быцця.

Убачыў Пан, што вялікае зло людзей на зямлі і што ўсе задумы сэрцаў іхніх увесь час скіраваны толькі на зло. І пашкадаваў Пан, што стварыў чалавека на зямлі, і засмуцілася Ягонае сэрца. І сказаў Пан: Я сатру з паверхні зямлі чалавека, якога стварыў; як чалавека, так і жывёл, паўзуноў і птушак нябесных, бо шкада Мне, што Я стварыў іх.

Толькі Ной знайшоў ласку ў вачах Пана. І Пан сказаў Ною: Увайдзі ты і ўвесь дом твой на каўчэг, бо Я ўбачыў, што адзін ты справядлівы перада Мною сярод гэтага пакалення. З усіх чыстых жывёл вазьмі па сем пар самцоў і самак; з нячыстых жывёл — па дзве пары самцоў і самак. А з птушак нябесных — па сем пар самцоў і самак, каб захавалася іх патомства для ўсёй зямлі. Бо праз сем дзён Я спашлю на зямлю дождж на сорак дзён і сорак начэй, і сатру з паверхні зямлі кожную жывую істоту, якую стварыў Я.

Ной зрабіў усё, што загадаў яму Пан. І праз сем дзён воды патопу хлынулі на зямлю.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 29 (28), 1а і 2. 3аc–4. 3b і 9b–10 (Р.: 11b))

Рэфрэн: Пан благаслаўляе свой народ спакоем.

1. Аддайце Пану, сыны Божыя, *
аддайце Пану хвалу і слаўце Яго магутнасць.
2. Аддайце хвалу імені Ягонаму, *
у святыні праслаўляйце Пана.

Рэфрэн:

3. Голас Пана па-над водамі, *
Пан над водамі вялікімі!
4. Голас Пана моцны; *
голас Пана поўны велічы.

Рэфрэн:

3. Загучаў Бог велічы, *
9. і кожны ў святыні Ягонай кажа: Хвала.
10. Пан прабываў над патопам, *
Пан як Валадар трываць будзе вечна.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Як 1, 12–18

Сам Бог нікога не спакушае

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Шчаслівы чалавек, які вытрымлівае выпрабаванне, бо, калі будзе выпрабаваны, атрымае вянец жыцця, які Бог абяцаў тым, хто любіць Яго.

Падчас выпрабавання няхай ніхто не кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом і сам Ён не выпрабоўвае нікога.  Але кожны выпрабоўваецца ўласнай пажадлівасцю, якая прыцягвае і зводзіць. А потым пажадлівасць зачне і народзіць грэх, а калі грэх пасталее, ён прыносіць смерць.

Таму не дазваляйце сябе звесці, мае ўмілаваныя браты. Усялякае дараванне добрае і ўсялякі дасканалы дар паходзіць звыш ад Айца святла, у якога няма зменлівасці або ценю змены. Пастанавіўшы, нарадзіў нас Айцец словам праўды, каб мы былі пэўным пачаткам Ягоных стварэнняў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 94 (93), 12–13а. 14–15. 18–19  (Р.: 12а)

Рэфрэн: Шчаслівы той, каго Ты, настаўляеш.

12. Шчаслівы чалавек, якога Ты, Пане, настаўляеш *
і навучаеш Тваім Законам,
13. каб даць яму палёгку *
ў дні ліхія.

Рэфрэн:

14. Бо Пан не адкіне свой народ *
і не пакіне спадчыны сваёй.
15. Бо суд звернецца да справядлівасці, *
а за ім і ўсе, хто правы сэрцам.

Рэфрэн:

18. Калі я сказаў: Пахіснулася мая нага, — *
Твая міласэрнасць, Пане, мяне падтрымала.
19. Калі трывога напаўняе маё сэрца, *
Тваё суцяшэнне падбадзёрвае маю душу.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 14, 23
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, — кажа Пан, —
і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 8, 14–21

Сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірада

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Вучні Езуса забыліся ўзяць хлеба і мелі з сабой у чаўне толькі адзін бохан хлеба. Тады Езус загадаў ім: Глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірада. А яны разважалі між сабою, што не маюць хлеба.

Пазнаўшы гэта, Езус сказаў ім: Чаму разважаеце, што не маеце хлеба?  Няўжо не заўважаеце і не разумееце? Ці яшчэ зацвярдзелыя сэрцы вашы? Маеце вочы, і не бачыце; маеце вушы, і не чуеце? Ці не памятаеце, калі Я разламаў пяць хлябоў на пяць тысяч, колькі поўных кашоў рэштак сабралі вы? Яны адказалі Яму: Дванаццаць.

А калі Я разламаў сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў рэштак сабралі вы? Адказалі Яму: Сем. І сказаў ім: Усё яшчэ не разумееце?

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 28.01.2010 17:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.