Субота — сёмы звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Сір 17, 1–15

Паводле свайго вобразу стварыў Бог чалавека

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Пан стварыў чалавека з зямлі
і зноў яго верне ў яе.
Пэўны лік дзён і адпаведны час Ён удзяліў людзям
і даў ім уладу над усім, што на зямлі.
Ён апрануў іх у сілу, падобную да сваёй,
і паводле свайго вобразу стварыў іх.
Ён уклаў у кожную істоту страх перад чалавекам,
каб ён панаваў над жывёламі і птушкамі.
Ён даў людзям разважнасць, вочы, вушы і сэрца, каб думаць.
Веданнем і розумам напоўніў іх
і паказаў ім дабро і зло.
Сваё вока Ён паклаў на іхнія сэрцы,
каб паказаць ім веліч сваіх спраў.
Яны будуць апяваць Яго святое імя,
каб расказаць пра веліч спраў Ягоных.
Ён паклаў перад імі веды
і даў ім у спадчыну закон жыцця.
Устанавіў з імі вечны запавет
і паказаў ім свае пастановы.
Іх вочы ўбачылі веліч Яго славы,
а славу голасу Яго пачулі іх вушы.
Ён сказаў ім: Беражыцеся ўсяго несправядлівага.
І кожнаму з іх даў запаведзь наконт бліжняга свайго.
Іх шляхі заўжды перад Ім,
яны не схаваюцца ад Ягоных вачэй.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Пс 103 (102), 13–14. 15–16. 17–18а (Р.: пар. 17)

Рэфрэн: Ласка Пана з тымі, хто Яго баіцца.

13. Як літуецца бацька над сынамі, *
змілуецца Пан над тымі, хто Яго баіцца.
14. Бо Ён ведае, з чаго створаны мы; *
памятае, што мы з’яўляемся пылам.

Рэфрэн:

15. Дні чалавека — як трава, *
як палявая кветка, ён цвіце.
16. Вецер падзьме над ім, і больш яго няма, *
і ўжо месца ягонае не пазнае яго.

Рэфрэн:

17. Міласэрнасць Пана спрадвеку *
і аж навекі над тымі, хто Яго баіцца;
і справядлівасць Яго над сынамі сыноў; *
18. над тымі, хто захоўвае Ягоны запавет.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Як 5, 13–20

Шмат можа шчырая малітва справядлівага

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Умілаваныя:

Нехта сярод вас пакутуе? Няхай моліцца. Нехта радасны? Няхай спявае. Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем ў імя Пана. І малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, і грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму.

Прызнавайцеся адзін аднаму ў грахах і маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі. Шмат можа шчырая малітва справядлівага. Ілля быў чалавекам, падобным да нас. Ён памаліўся малітваю, каб не было дажджу, і не было дажджу на зямлі тры гады і шэсць месяцаў. Пасля памаліўся зноў, і неба спаслала дождж, а зямля ўрадзіла плён свой.

Браты мае, калі хто з вас збочыў са шляху праўды, а нехта навярнуў яго, няхай ведае: хто навярнуў грэшніка з аблуднага шляху яго, збавіць душу ягоную ад смерці і закрые мноства грахоў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Пс 141 (140), 1–2. 3 і 8  (Р.: 2а)

Рэфрэн: Няхай мая малітва ўзыдзе да Цябе, нібы кадзіла.

1. Да Цябе, Пане, усклікаю, паспяшайся да мяне, *
пачуй мой голас, калі Цябе клічу.
2. Няхай мая малітва ўзыдзе да Цябе, нібы кадзіла, *
а ўзнясенне рук маіх — нібы вячэрняя ахвяра.

Рэфрэн:

3. Пастаў, Пане, варту на вуснах маіх, *
і захавай браму маіх вуснаў.
8. На Цябе, Пане, звернуты вочы мае, *
у Табе шукаю прытулку, не адкінь душы маёй.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. Мц 11, 25
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Благаслаўлёны Ты, Ойча, Пан неба і зямлі,
бо таямніцы Валадарства Ты адкрыў дзецям.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 10, 13–16

Хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Прыносілі да Езуса дзяцей, каб ён дакрануўся да іх. Вучні ж дакаралі іх. А Езус, убачыўшы гэта, абурыўся і сказаў ім: Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго. І, абдымаючы іх, ускладаў на іх рукі і благаслаўляў.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 20.05.2010 16:24
 
© 2003-2024 Catholic.by