Аўторак — дзясяты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

2 Кар 1, 18–22

У Езусе не было «так» і «не», але было ў Ім толькі «так»

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Бог — верны, таму мы не кажам вам адначасова і «так», і «не». Бо ў Сыне Божым, Езусе Хрысце, якога я і Сілуан, і Цімафей вам прапаведавалі, не было «так» і «не», але было ў Ім толькі «так». Бо ўсе абяцанні Божыя ў Ім «так». Таму праз Яго нашае «амэн» ёсць на славу Божую. Той жа, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысце і намасціў нас, ёсць Бог, які пазначыў нас і даў задатак Духа ў сэрцах нашых.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 119 (118), 129–130. 131–132. 133 і 135  (Р.: 135а)

Рэфрэн: Пакажы слузе Твайму святло свайго аблічча.

129. Цудоўныя сведчанні Твае, *
таму захоўвае іх душа мая.
130. Адкрыццё словаў Тваіх асвятляе *
і дае разуменне простым.

Рэфрэн:

131. Адкрываю вусны мае і ўздыхаю, *
бо прагну запаведзяў Тваіх.
132. Паглядзі на мяне і змілуйся нада мною, *
як робіш тым, хто любіць Тваё імя.

Рэфрэн:

133. Умацуй мае крокі Тваім словам, *
няхай не пануе нада мною ніякае беззаконне.
135. Пакажы слузе Твайму святло свайго аблічча *
і навучы мяне Тваім пастановам.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Вал 17, 7–16

Кадушка мукі не скончылася, і збан алею не апусцеў паводле абяцання, якое Пан даў праз Іллю

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Высах паток, каля якога жыў Ілля, бо у краіне не было дажджу. Тады скіраваў Пан слова да Іллі, кажучы: Устань, ідзі ў Сарэпту сідонскую і там застанься, бо Я загадаў там адной удаве, каб цябе карміла.

Ён устаў і пайшоў у Сарэпту. І калі падышоў да брамы горада, з’явілася перад ім удава, якая збірала дровы. І паклікаў яе, кажучы: Прынясі мне трохі вады ў збане напіцца. Калі яна пайшла прынесці вады, ён крыкнуў услед: Вазьмі, прашу, для мяне і кавалак хлеба.

Яна ж адказала: На жыццё Пана, твайго Бога, не маю печыва, толькі жменю мукі ў кадушцы і трохі алею ў збане. Вось збяру некалькі кавалкаў дрэва і пайду, згатую сабе і майму сыну. З’ямо гэта і памром.

Ілля сказаў ёй: Не бойся, але ідзі і зрабі, як сказала. Толькі спачатку зрабі невялікі праснак для мяне і прынясі мне. Сабе ж і сыну зробіш потым. Бо так кажа Пан, Бог Ізраэля: Кадушка мукі не скончыцца, і збан алею не апусцее аж да дня, калі Пан спашле дождж на зямлю.

Яна пайшла і зрабіла, як сказаў Ілля. І штодня елі ён, яна і дом яе. І так было кожны дзень. Кадушка мукі не скончылася, і збан алею не апусцеў паводле абяцання, якое Пан даў праз Іллю.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

 Пс 4 , 2–3. 4–5. 7–8  (Р.: 7b)

Рэфрэн: Узнімі над намі, Пане, святло свайго аблічча.

2. Калі я клічу, пачуй мяне, Божа, справядлівасць мая. †
Ты вывеў мяне з уціску, *
змілуйся нада мною і пачуй маю малітву.
3. Сыны чалавечыя, дакуль цвёрдымі будуць вашыя сэрцы? *
Чаму любіце марнасць і шукаеце няпраўды?

Рэфрэн:

4. Ведайце, што Пан учыніў цудоўным свайго вернага, *
Пан чуе, калі Яго клічу.
5. Дрыжыце і не грашыце, *
разважайце ў сэрцах вашых на ложах сваіх і маўчыце.

Рэфрэн:  

7. Многія кажуць: Хто пакажа нам добрае? *
Узнімі над намі, Пане, святло свайго аблічча.
8. Больш радасці Ты даў майму сэрцу, *
чым падчас багатага ўраджаю пшаніцы і віна.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мц 5, 16
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі,
каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі
і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 5, 13–16

Вы — святло свету

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час

Езус сказаў сваім вучням: Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе прэч на патаптанне людзям.

Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы свяцільнік, не ставяць яго пад пасудзінаю, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме.

Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 14.05.2012 16:27
 
© 2003-2024 Catholic.by