X Звычайная нядзеля, Год С | Друк |
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
1 Вал 17, 17–24

Глядзі, сын твой жывы

Чытанне першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Захварэў сын жанчыны, гаспадыні дома, і хвароба яго была такая моцная, што пакінула яго дыханне. І сказала жанчына Іллі: Што табе да мяне, чалавек Божы? Ты прыйшоў да мяне нагадаць пра беззаконне маё і забіць майго сына.

Ён сказаў ёй: Дай мне сына свайго.

І ўзяў яго з рук яе, і панёс яго ў святліцу, дзе жыў, і паклаў яго на свой ложак. Усклікнуў да Пана і сказаў: Пане, Божа мой, няўжо Ты і ўдаве, у якой я жыву, учыніш зло, забіўшы яе сына? І тройчы схіліўшыся над хлопцам, ён усклікнуў да Пана і сказаў: Пане, Божа мой, няхай вернецца душа хлопца гэтага да яго.

Пачуў Пан голас Іллі, і вярнулася душа да хлопца, і ён ажыў.

Узяў Ілля хлопца і перанёс яго са святліцы ўніз, і аддаў яго маці ягонай. І сказаў Ілля: Глядзі, сын твой жывы. Тады сказала жанчына Іллі: Вось цяпер я пазнала, што ты чалавек Божы, і што праўдзівае слова Пана ў вуснах тваіх.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 30 (29), 2–4. 5-6. 11 і 12а і 13b  (Р.: 2а)

Рэфрэн: Узвялічу Цябе, Пане, бо Ты мяне збавіў.

2. Узвялічу Цябе, Пане, бо Ты мяне збавіў *
і не дазволіў ворагам маім пацяшацца з мяне.
4. Пане, Ты вывеў з адхлані душу маю, *
Ты ўратаваў жыццё маё сярод тых, хто сыходзіць у магілу.

Рэфрэн:

5. Спявайце Пану вы, Ягоныя верныя, *
памятайце пра святасць Ягоную.
6. Бо гнеў Яго трывае імгненне, †
а ласкавасць Яго — усё жыццё. *
Увечары прыходзіць плач, а раніцай — радасць.

Рэфрэн:

11. Пачуй, Пане, і злітуйся нада мною, *
Пане, будзь мне дапамогай!
12. Ты нараканне маё замяніў на танец. *
13. Пане, Божа мой, буду хваліць Цябе вечна.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Гал 1, 11–19

Пажадаў аб’явіць праз мяне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго язычнікам

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Адкрываю вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ад чалавека.  Бо і я прыняў яго і быў навучаны не ад чалавека, а дзякуючы аб’яўленню Езуса Хрыста.

Вы чулі пра маё ранейшае жыццё ў юдаізме, як жорстка я пераследаваў Касцёл Божы і нішчыў яго, як перавышаў у юдаізме многіх аднагодкаў з майго народу, будучы зацятым прыхільнікам традыцый маіх продкаў. Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоння маці маёй і паклікаўшы ласкаю сваёю, пажадаў аб’явіць праз мяне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго язычнікам, я не пачаў адразу ж раіцца з целам і крывёю і не пайшоў у Ерузалем да Апосталаў, якія былі маімі папярэднікамі, а пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.

Пасля, праз тры гады, я пайшоў у Ерузалем наведаць Кефаса і прабыў у яго пятнаццаць дзён. Нікога іншага з Апосталаў я не бачыў, акрамя Якуба, брата Пана.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Лк 7, 16
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вялікі прарок паўстаў сярод нас,
і Бог наведаў свой народ.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 7, 11–17

Хлопча, кажу табе, устань

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і з Ім ішлі многія вучні Ягоныя і вялікі натоўп. Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. І шмат людзей з горада ішло разам з ёю. Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: Не плач.

І падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся. І сказаў: Хлопча, кажу табе, устань.
Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І Езус аддаў яго маці ягонай. Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: Вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў свой народ.

І разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 03.06.2010 17:31
 
© 2003-2019 Catholic.by