ХI Звычайная нядзеля, Год А | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Зых 19, 2–6а

Будзеце для Мяне валадарствам святароў і народам святым

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Дайшоўшы аж да Сінайскай пустыні, сыны Ізраэля разбілі лагер у пустыні; і лагер Ізраэля ўладкаваўся там насупраць гары. Майсей узышоў да Бога, і паклікаў яго Пан з гары, кажучы: Так скажаш дому Якуба і абвесціш сынам Ізраэля: вы самі бачылі, што Я зрабіў егіпцянам і як насіў вас на арліных крылах, і прывёў вас да сябе.  Цяпер, калі будзеце слухацца голасу Майго і захоўваць запавет Мой, то станеце Маёй уласнасцю сярод усіх народаў, бо Мая ўся зямля. І вы будзеце для Мяне валадарствам святароў і народам святым.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 100 (99), 2. 3. 5 (Р.: 3c)

Рэфрэн: Мы Яго народ і авечкі Ягонай паствы.

2. Усклікай Пану, уся зямля, *
з радасцю служыце Пану.
Станьце перад Яго абліччам *
з радасным спевам.

Рэфрэн:

3. Ведайце, што Пан ёсць Богам, *
Ён стварыў нас, і мы Ягоныя.
Мы Яго народ *
і авечкі Ягонай паствы.

Рэфрэн: 

5. Бо Пан ёсць добры, *
навекі Ягоная міласэрнасць,
і вернасць Яго *
з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 5, 6–11

Калі мы паядналіся праз смерць Сына, то тым больш збавімся праз Яго жыццё

Чытанне з Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Калі мы былі яшчэ слабымі, Хрыстус у вызначаны час памёр за бязбожных. Бо наўрад ці нехта памрэ за праведніка? Можа, за добрага чалавека нехта і адважыцца памерці. Бог даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі. Тым больш цяпер, апраўданыя Яго Крывёй, мы будзем збаўленыя праз Яго ад гневу. Бо калі, будучы ворагамі, мы паядналіся з Богам праз смерць Яго Сына, то, паяднаўшыся, мы тым больш збавімся праз Яго жыццё. І не толькі гэта, але і ганарымся ў Богу праз Пана нашага Есуса Хрыста, дзякуючы Якому мы атрымалі цяпер паяднанне.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мк 1, 15
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Наблізілася Валадарства Божае, — кажа Пан, —
кайцеся і верце ў Евангелле.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
                     Мц 9, 36–10, 8

Паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, паслаў іх

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус, убачыўшы натоўпы людзей, злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра. Тады Ён кажа вучням сваім: Жніво вялікае, ды работнікаў мала; дык маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё.

І, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Імёны ж дванаццаці апосталаў былі такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго,  Якуб  Забядэя і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.

Гэтых дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: На шлях паганцаў не ідзіце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Найбольш ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі. А ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма і давайце.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 07.06.2010 15:56
 
© 2003-2019 Catholic.by