Субота — дванаццаты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 18, 1–15

Ёсць што-небудзь немагчымае для Пана? Вярнуся да цябе, а Сарра будзе мець сына

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Аб’явіўся Пан Абрагаму каля дубоў Мамрэ, калі той сядзеў пры ўваходзе ў шацёр у час дзённай спякоты. Абрагам узняў вочы свае і ўбачыў: вось тры мужы былі насупраць яго. Убачыўшы іх, ён пабег ад ўваходу ў шацёр насустрач ім і, пакланіўшыся да зямлі, сказаў: Пане, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, не абмінай свайго слугі. Прынясу крыху вады, і вы абмыйце свае ногі, і адпачніце пад гэтым дрэвам. Я ж прынясу трохі хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя, а потым пойдзеце, бо дзеля гэтага праходзіце каля слугі вашага. А яны сказалі: Зрабі так, як сказаў.

Абрагам паспяшыў у шацёр да Сары і сказаў: Хутчэй замясі тры саты лепшай мукі і зрабі ляпёшкі. Потым Абрагам пабег да статка і, выбраўшы тоўстае і прыгожае цяля, даў слузе, каб той хутка яго прыгатаваў. Затым узяў масла і малако, і прыгатаванае цяля і паставіў перад імі. Сам жа стаяў каля іх пад дрэвам. А яны елі.

І спыталі яго: Дзе твая жонка Сарра?

Ён адказаў ім: Вось у шатры.

Сказаў яму дзін з іх: Праз год у той самы час я вярнуся да цябе. А ў Сарры, жонкі тваёй, будзе сын.

Сарра прыслухоўвалася каля ўваходу ў шацёр, які быў за Абрагамам. Абрагам і Сарра былі ўжо вельмі старыя. Таму засмяялася Сарра сама сабе, кажучы: Цяпер, калі я састарэла, і гаспадар мой стары, як магу мець суцяшэнне?

Але Пан сказаў Абрагаму: Чаму Сарра смяецца, кажучы: ці сапраўды змагу нарадзіць, калі я састарэла? Ці ёсць што-небудзь немагчымае для Пана? Праз год у вызначаны час я вярнуся да цябе, а Сарра будзе мець сына.

Сарра ж, таму што спалохалася, адмаўлялася, кажучы: Я не смяялася. Але Пан адказаў: Не, ты смяялася.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Лк 1, 46–47. 48–49. 50 і 53. 54–55 (Р.: пар. 54b)

Рэфрэн: Памятае Пан пра сваю міласэрнасць.

46. Велічае душа мая Пана, *
47. і ўзрадаваўся дух мой
у Богу, маім Збаўцы.

Рэфрэн:

48. Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі, *
і цяпер благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні.
49. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, *
а імя Яго святое.

Рэфрэн:

50. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне *
над тымі, хто Яго баіцца.
53. Дабром галодных насыціў, *
а багатых ні з чым адправіў.

Рэфрэн:

54. Прыняў свайго слугу Ізраэля, *
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
55. як абяцаў бацькам нашым, *
Абрагаму і яго патомству навекі.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Пл 2, 2. 10–14. 18–19

Усклікае сэрца іхняе да Пана над мурамі дачкі Сіёна

Чытанне кнігі Плачу Ераміі.

Загубіў Пан, не пашкадаваў,
усе пасяленні Якуба,
разбурыў у гневе сваім
цвярдыні дачкі Юды,
скінуў на зямлю,
зняславіў валадарства і правіцеляў ягоных.
Маўкліва сядзяць на зямлі
старцы дачкі сіёнавай,
пасыпалі попелам свае галовы,
падперазаліся рыззём,
апусцілі галовы свае да зямлі
дзевы ерузалемскія.
Знясілелі вочы мае ад слёз,
хвалюецца нутро маё,
выліваецца на зямлю печань мая
з-за знішчэння дачкі народу майго,
калі дзеці і немаўляты гінуць
на вуліцах горада.
Сваім маці кажуць яны:
Дзе хлеб і віно?
І падаюць, як параненыя,
на вуліцах горада,
выліваючы душы свае
на ўлонне сваіх маці.
Што мне сказаць табе, з чым параўнаць цябе,
дачка Ерузалема?
Да чаго прыпадобніць цябе, каб суцешыць цябе,
дзева, дачка Сіёна?
Бо вялікае, як мора, знішчэнне тваё.
Хто ж цябе вылечыць?
Прарокі твае вяшчалі табе
пустое і марнае
і не выкрывалі беззаконня твайго,
каб папярэдзіць твой палон,
і адкрывалі табе аб’яўленні ілжывыя і спакуслівыя.
Усклікае сэрца іхняе да Пана.
Над мурамі дачкі Сіёна
пралівай, як паток, слёзы дзень і ноч,
не давай сабе спакою,
не давай адпачынку зрэнкам вачэй тваіх.
Уставай, крычы сярод ночы,
на пачатку кожнай варты.
Вылівай, як ваду, сэрца тваё
перад абліччам Панам.
Уздымай да Яго рукі свае
за душу тваіх дзяцей,
што млеюць ад голаду
на рагах усіх вуліц.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 74 (73), 1–2. 3–4. 5–7. 20–21 (Р.: 19b)

Рэфрэн: Пра жыццё сваіх убогіх не забывай ніколі.

1. Навошта, Божа, Ты адкінуў нас назаўсёды, *
чаму распаліўся гнеў Твой на авечак пашы Тваёй?
2. Успомні пра грамаду сваю, набытую здаўна, †
пра адкупленае пакаленне спадчыны Тваёй: *
пра гару Сіён, на якой Ты пасяліўся

Рэфрэн:

3. Скіруй свае крокі да вечных руінаў; *
усё вораг знішчыў у святыні.
4. На месцы сходаў рыкаюць ненавіснікі Твае, *
паставілі там свае знакі.

Рэфрэн:

5. Бачна, як падымаюць высока сякеры, нібы ў гушчары лесу. *
6. Выбілі брамы святыні сякерамі і малаткамі.
7. Святыню Тваю аддалі ў агонь, *
зняславілі дашчэнту сялібу імя Твайго.

Рэфрэн:

20. Глянь на запавет, *
бо сховішчы зямлі напоўніліся шатрамі гвалту.
21. Няхай прыгнечаны не вяртаецца асаромленым, *
бедны і ўбогі няхай славяць імя Тваё.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мц 8, 17
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус узяў на сябе нашую слабасць
і панёс хваробы.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 8, 5–17

Многія прыйдуць з усходу і захаду і сядуць з Абрагамам, Ісаакам і Якубам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падыйшоў да Яго сотнік і прасіў Яго, кажучы: Пане! Слуга мой ляжыць дома спаралізаваны і страшэнна пакутуе.

Езус кажа яму: Я прыйду і вылечу яго.

Сотнік жа сказаў у адказ: Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой. Бо і я чалавек падуладны, але маю пад сабою жаўнераў. Кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.

Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў услед за Ім: Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры. Кажу ж вам, што многія  прыйдуць з усходу і захаду і сядуць за стол з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным. А сыны валадарства будуць выкінуты вон у цемру: там будзе плач і скрыгатанне зубоў. І сказаў Езус сотніку: Ідзі, і як паверыў, няхай станецца табе. І быў аздароўлены слуга ў тую ж гадзіну.

Калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы. Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе. І яна ўстала, і прыслужвала ім.

Калі ж надышоў вечар, прыводзілі да Яго многіх апантаных. А Ён словам выганяў духаў і аздаравіў усіх хворых, каб збылося сказанае прарокам Ісаяй: Ён узяў на сябе нашую слабасць і панёс хваробы.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 17.06.2010 12:46
 
© 2003-2024 Catholic.by