Пятніца — трынаццаты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 23, 1–4. 19; 24, 1–8. 62–67

І пакахаў Ісаак Рэбэку, і суцешыўся пасля смерці сваёй маці

Чытанне кнігі Быцця.

Сарра пражыла сто дваццаць сем гадоў. Памерла Сарра ў Кірыят-Арбэ, гэта значыць у Хеўроне, у зямлі Ханаанскай. І прыйшоў Абрагам галасіць па Сарры і аплакваць яе.

Устаў Абрагам ад памерлай сваёй і казаў сынам Хета: Я ў вас прышэлец і чужаземец. Дайце мне ва ўласнасць месца для магілы паміж вамі, каб пахаваў я памерлую маю. Пасля гэтага Абрагам пахаваў Сарру, жонку сваю, у пячоры на полі ў Махпэле, насупраць Мамрэ, гэта значыць у Хеўроне, у зямлі Ханаанскай.
Абрагам ужо састарыўся і быў старэчых гадоў. Пан благаславіў Абрагама ва ўсім.

І сказаў Абрагам слузе свайму, старэйшаму ў доме ягоным, які кіраваў усім, што ў яго было: Пакладзі руку сваю пад сцягно маё і пакляніся мне Панам, Богам нябёсаў і Богам зямлі, што не возьмеш сыну майму жонкі з дачок Ханаана, сярод якіх я жыву. Але пойдзеш у зямлю маю, на радзіму маю, і возьмеш жонку сыну майму Ісааку.

Слуга адказаў яму: Можа, не захоча гэтая жанчына ісці са мною ў гэтую зямлю. Ці павінен я вярнуць сына твайго ў зямлю, з якой ты выйшаў?

Абрагам сказаў яму: Глядзі, не вяртай сына майго туды. Пан, Бог нябёсаў, які забраў мяне з дому айца майго і з зямлі нараджэння майго, які гаварыў мне і які прысягнуў мне, кажучы: патомству твайму дам гэтую зямлю, — Ён пашле анёла свайго перад табою, і ты возьмеш жонку сыну майму адтуль. Калі ж не захоча жанчына ісці з табою, ты будзеш вольны ад гэтай прысягі. Толькі сына майго не вяртай туды.

Праз некаторы час Ісаак вяртаўся ад студні Лахай-Роі, бо жыў у зямлі Нэгеб. Калі пачало вечарэць, Ісаак засмучаны выйшаў у поле і, узняўшы свае вочы, убачыў, што ідуць вярблюды. Рэбэка паглядзела і, убачыўшы Ісаака, сышла з вярблюда. І сказала слузе: Хто гэты чалавек, які ідзе па полі насустрач нам? Слуга адказаў: Гэта мой гаспадар. Яна ўзяла пакрывала і закрылася.

А слуга расказаў Ісааку пра ўсё, што ён зрабіў. І ўвёў яе Ісаак у шацёр Сарры, маці сваёй. І ўзяў Рэбэку, і яна стала яго жонкай, і пакахаў яе. І суцешыўся Ісаак пасля смерці сваёй маці.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 106 (105), 1–2. 3–4а. 4b–5  (Р.: 1a)

Рэфрэн: Хваліце Пана, бо Ён добры.
Або: Аллелюя.

6. Хваліце Пана, бо Ён добры, *
бо навекі міласэрнасць Ягоная.
7. Хто раскажа пра магутнасць Пана, *
абвесціць усю хвалу Ягоную?

Рэфрэн:

8. Шчаслівыя, хто захоўвае права *
і заўсёды чыніць справядлівасць.
9. Памятай пра нас, Пане, *
у прыхільнасці да свайго народа.

Рэфрэн:

Наведай нас у Тваім збаўленні, *
10. каб мы ўбачылі шчасце Тваіх выбраных,
каб цешыліся радасцю Твайго народа, *
каб хваліліся Тваёй спадчынай.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ам 8, 4–6. 9–12

Я спашлю на зямлю голад. Не голад хлеба, а прагу пачуць слова Пана

Чытанне кнігі прарока Амоса.

Паслухайце гэта вы, што ўціскаеце убогага і даводзіце да галечы беднага. Вы, якія кажаце: Калі міне час маладзіка, каб мы маглі прадаваць хлеб, і субота, каб маглі адчыніць засекі, паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі, каб купляць бедных за срэбра і ўбогіх за пару абутку, і высеўкі збожжа прадаваць? І ў той дзень, — кажа Пан Бог, — учыню захад сонца апоўдні і зацямню зямлю сярод яснага дня.  Ператвару святкаванні вашыя ў сум і ўсе песні вашыя — у лямант, і ўскладу на ўсе сцёгны рыззё і плехі на кожную галаву. І ўчыню плач, як па адзіным сыне, і канец той будзе, як горкі дзень.

Вось настаюць дні, — кажа Пан Бог, — калі Я спашлю на зямлю голад. Не голад хлеба, не прагу вады, а прагу пачуць слова Пана. І будуць хадзіць ад мора да мора, і блукаць ад поўначы да ўсходу, шукаючы слова Пана, і не знойдуць яго.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 119 (118), 2. 10. 20. 30. 40. 131  (Р.: Мц 4, 4)

Рэфрэн: Будзе жыць чалавек словам з вуснаў Божых.

2. Шчаслівыя тыя, хто захоўвае сведчанні Бога *
і шукае Яго ўсім сэрцам.
10. Усім сваім сэрцам я Цябе шукаю, *
не дай мне адысці ад Тваіх запаведзяў.

Рэфрэн:

20. Знемагае душа мая *
ад жадання прысудаў Тваіх у кожны час.
30. Я выбраў шлях праўды, *
паставіў перад сабой Твае прысуды.

Рэфрэн:

40. Вось я прагну Тваіх наказаў, *
дай мне жыццё паводле Тваёй справядлівасці.
131. Адкрываю вусны мае і ўздыхаю, *
бо прагну запаведзяў Тваіх.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мц 11, 28
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя,
і Я супакою вас, — кажа Пан.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 9, 9–13

Не здаровым патрэбны лекар; міласэрнасці хачу, а не ахвяры

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім. І калі Езус сядзеў за сталом у доме, шмат мытнікаў і грэшнікаў прыйшло і села за стол з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: Чаму Настаўнік ваш есць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі? Езус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: Не здаровым патрэбны лекар, але хворым. Пайдзіце, навучыцеся, што значыць “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”. Бо Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 17.06.2010 15:18
 
© 2003-2024 Catholic.by