Панядзелак — васемнаццаты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ліч 11, 4b–15

Я не магу адзін несці ўвесь гэты народ

Чытанне кнігі Лічбаў.

У тыя дні:

Сыны Ізраэля казалі: Хто дасць нам мяса пад’есці? Мы ўспамінаем рыбу, што елі ў Егіпце задарма, агуркі і дыні, пер’е і галоўкі цыбулі і часнок. А цяпер сасмагла душа наша, і вочы нашы не бачаць нічога, апроч манны.

Манна ж была падобная да насення карыяндру і выглядала, як смалістая камедзь. Людзі выходзілі і збіралі яе, потым малолі ў жорнах або таўклі ў ступах, гатавалі яе ў катлах і рабілі з яе ляпёшкі, якія нагадвалі смакам печыва на алеі. Калі ўначы раса выпадала на лагер, выпадала на яго і манна.

І пачуў Майсей, як наракае народ у сем’ях сваіх, кожны каля ўваходу да сваёй палаткі. І моцна запалаў гнеў Пана, і Майсей таксама засмуціўся, і сказаў Пану: Чаму Ты кепска абыходзішся са сваім слугою? Чаму я не знаходжу прыхільнасці ў вачах Тваіх? Чаму Ты ўсклаў на мяне цяжар ўсяго народа гэтага? Хіба я зачаў ўвесь народ гэты і нарадзіў яго, каб Ты казаў: Як карміцелька носіць немаўля, нясі яго на руках сваіх на зямлю, якую Ты абяцаў яго продкам? Адкуль у мяне мяса, каб даць усяму гэтаму народу? Яны плачуць перада мною, кажучы: Дай нам мяса пад’есці. Я не магу адзін несці ўвесь гэты народ, бо ён занадта цяжкі для мяне. Калі Ты робіш гэтак са мною, то лепш забі мяне; забі мяне, калі я знайшоў прыхільнасць ў вачах Тваіх, каб мне больш не бачыць нядолі сваёй.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 81 (80), 12–13. 14–15. 16–17 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Спявайце Богу, цвярдыні нашай.

12. Але народ Мой не слухаў голасу Майго, *
і не згадзіўся Ізраэль са Мною.
13. Таму Я пакінуў іх дзеля ўпартасці іхніх сэрцаў, *
няхай ходзяць паводле сваіх задумаў.

Рэфрэн:

14. Калі б Мой народ Мяне паслухаў, *
калі б Ізраэль хадзіў Маімі шляхамі,
15. я хутка пакарыў бы ворагаў іхніх *
і павярнуў бы руку сваю супраць іх прыгнятальнікаў.

Рэфрэн:

16. Ненавіснікі Пана ліслівілі б Яму, *
а іх пакаранне трывала б вечна.
17. Я карміў бы іх найлепшай пшаніцай, *
насыціў бы іх мёдам са скалы.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ер 28, 1–7

Ананія, Пан не пасылаў цябе, але ты зрабіў, што гэты народ паверыў хлусні

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

На пачатку панавання юдэйскага караля Сэдэкіі, у чацвёрты год і пяты месяц, сказаў мне Ананія, сын Азура, прарок з Гібэона, кажучы ў доме Пана перад святарамі і ўсім народам:

Так кажа Пан Магуццяў, Бог Ізраэля: Я зламаю ярмо караля Бабілёна. Яшчэ два гады, і Я вярну на гэта месца ўсё начынне з дому Пана, якое Навухаданосар, бабілёнскі кароль, забраў з гэтага месца і вывез у Бабілён. Таксама Ехонію, сына Ёахіма, караля Юды, і ўсіх палонных юдэйскіх, якія прыйшлі ў Бабілён, Я вярну на месца гэтае, — кажа Пан, — бо Я зламаю ярмо караля Бабілёна.

Тады прарок Ерамія звярнуўся да прарока Ананіі перад святарамі і ўсім народам, які стаяў у доме Пана. І сказаў прарок Ерамія: Сапраўды, няхай Пан зробіць так! Няхай Пан здзейсніць твае словы, што ты прарочыў, і верне з Бабілёна на месца гэта начынне з дому Пана і ўсіх палонных. Аднак паслухай тое слова, што я скажу вушам тваім і ўсяму народу. Прарокі, якія былі да мяне і да цябе з даўніх часоў, прадказвалі многім краінам і вялікім  каралеўствам войны, голад і мор. А прарок, які прадказваў мір, лічыўся сапраўдным прарокам, пасланым Панам, калі спаўнялася прароцтва ягонае.

Тады Ананія ўзяў ярмо з шыі Ераміі і зламаў яго. І сказаў Ананія перад усім народам: Так кажа Пан: за два гады Я скіну з шыі ўсіх народаў ярмо Навухаданосара, караля Бабілёна.

А прарок Ерамія пайшоў сваёй дарогай. І пасля таго, як Ананія скінуў ярмо з шыі прарока Ераміі, Пан скіраваў слова да Ераміі:

Ідзі і скажы Ананіі: Так кажа Пан: ты заламаў ярмо драўлянае, але зробіш замест гэтага ярмо жалезнае. Бо так кажа Пан Бог Магуццяў, Бог Ізраэля:  Я ўсклаў жалезнае ярмо на шыю ўсіх тых народаў, каб яны служылі Навухаданосару, каралю Бабілёна, і былі падпарадкаваныя яму. Я падпарадкоўваю яму нават палявых звяроў.

І сказаў прарок Ерамія прароку Ананіі: Слухай, Ананія. Пан не пасылаў цябе, але ты зрабіў, што гэты народ паверыў хлусні. Таму так кажа Пан: Вось Я скіну цябе з паверхні зямлі, і сёлета памрэш ты, бо абвяшчаў бунт супраць Пана.

І памёр прарок Ананія ў гэтым жа годзе, у сёмым месяцы. 

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 119 (118), 29 і 43. 79–80. 95 і 102  (Р.: 68b)

Рэфрэн: Навучы мяне, Пане, Тваім пастановам.

29. Аддалі ад мяне шлях падману *
і дай мне Закон Твой.
43.  Не забірай ніколі з маіх вуснаў слова праўды, *
бо спадзяюся на Твае прысуды.

Рэфрэн:

79. Няхай звернуцца да мяне тыя, хто Цябе баіцца, *
і хто ведае Твае сведчанні.
80. Няхай маё сэрца будзе беззаганным у Тваіх пастановах, *
каб не спазнаў я сораму.

Рэфрэн:

95. Пільнуюць мяне грэшнікі, каб загубіць мяне, *
але я разважаю над Тваімі сведчаннямі.
102. Не ўхіляюся ад Тваіх прысудаў, *
бо Ты вучыш мяне.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мц 4, 4b
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не хлебам адным будзе жыць чалавек,
але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 14, 13–21

Паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — народу

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, Ён асобна адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца, а натоўпы людзей, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў вялікі натоўп людзей, і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх.

Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: Пустыннае месца гэтае і гадзіна ўжо позняя; адпусці народ, каб яны пайшлі ў вёскі і купілі ежы сабе. Езус сказаў ім: Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці. Яны ж кажуць яму: У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы. Ён сказаў: Прынясіце іх Мне сюды.

Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — народу. І елі ўсе і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.07.2010 17:01
 
© 2003-2024 Catholic.by