Субота — дзевятнаццаты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Нав 24, 14–29

Зрабіце сёння выбар, каму хочаце служыць

Чытанне кнігі Езуса Навіна.

У тыя дні:

Езус Навін прамовіў да народа, кажучы: Цяпер бойцеся Бога і служыце Яму ў праўдзе і шчырасці, адкіньце багоў, якім служылі продкі вашыя ў Месапатаміі і Егіпце, і служыце Пану. Калі вам здаецца кепскім служыць Пану, то зрабіце сёння выбар, каму хочаце служыць: ці багам, якім служылі продкі вашыя, будучы на другім баку Ракі, ці багам амарэяў, на зямлі якіх жывяце. Я ж і мой дом будзем служыць Пану.

Народ адказаў такімі словамі: Няхай не здарыцца нам, каб мы пакінулі Пана і служылі іншым багам. Бо Пан — Бог наш. Ён вывеў нас і продкаў нашых з егіпецкай зямлі, з дому няволі. Ён учыніў перад нашымі вачыма вялізныя знакі і аберагаў нас на працягу ўсёй дарогі, якою ішлі мы, і сярод усіх народаў, праз якія праходзілі мы. Ён прагнаў перад намі ўсе народы, нават амарэяў, якія жылі на той зямлі. Таму і мы будзем служыць Пану, бо Ён — наш Бог.

Тады Езус Навін сказаў народу: Вы не зможаце служыць Пану, бо Ён Бог святы і Бог зайздросны. Ён не даруе вам злачынстваў вашых і грахоў. Калі вы пакінеце Пана і пачнеце служыць чужым багам, ён адвернецца, і спашле на вас няшчасці і згубіць вас пасля таго, як рабіў вам дабро.

І народ сказаў Езусу Навіну: Не, мы будзем служыць Пану! Езус Навін сказаў народу: Вы сведкі супраць саміх сябе, што выбралі тое, каб служыць Пану. І яны адказалі: Мы сведкі. Езус Навін сказаў: Дык адкіньце чужых багоў, што пасярод вас, і схіліце сваё сэрца да Пана, Бога Ізраэля. І народ адказаў Езусу Навіну: Богу нашаму будзем служыць і слухацца голасу Ягонага.

І ў той дзень Езус Навін устанавіў запавет з народам, і даў яму наказы і пастановы ў Сіхеме. І запісаў Езус словы гэтыя ў кнізе Закону Божага, і ўзяў вялікі камень, і паставіў яго там пад дубам, што быў каля святыні Пана, і сказаў усяму народу: Вось гэты камень будзе сведчаннем для вас, бо ён чуў словы  Пана, сказаныя нам. Ён будзе сведчаннем для вас, каб вы не адракліся ад Пана Бога свайго. Тады Езус Навін адпусціў людзей, кожнага да спадчыны сваёй.

А пасля гэтага памёр Езус, сын Навіна, слуга Божы, ва ўзросце ста дзесяці гадоў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 16 (15), 1–2а і 5. 7–8. 11 (Р.: пар. 5а)

Рэфрэн: Ты, Пане, частка спадчыны маёй.

1. Захавай мяне, Божа, бо на Цябе спадзяюся, *
2. Сказаў я Пану: Ты — мой Пан.
5. Пан частка спадчыны маёй і келіха майго, *
Ён лёс мой трымае.

Рэфрэн:

7. Благаслаўлю Пана, які дае мне параду, *
бо і ноччу вучыць мяне маё сэрца.
8. Пана я маю заўсёды перад вачыма, *
Ён праваруч мяне, і  я не пахіснуся.

Рэфрэн:

11. Ты дарогу жыцця мне пакажаш, *
паўната радасці перад Табою,
вечнае шчасце *
праваруч Цябе.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Эзх 18, 1–10.  13b. 30–32

Я буду судзіць кожнага паводле шляхоў ягоных

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Пан скіраваў да мяне слова, кажучы:

Навошта вы паўтараеце гэтую прымаўку супраць дому Ізраэля, кажучы: бацькі елі недаспелы вінаград, а на зубах дзяцей аскома. Як жыву Я, — кажа Пан, — не будзеце больш паўтараць гэтай прымаўкі ў Ізраэлі. Вось, душы ўсіх належаць Мне: як душа бацькі, так і душа сына. Душа, якая грашыць, памрэ.

Але калі чалавек праведны, калі ён чыніць справядлівасць і правасуддзе, не есць на ўзвышшах, не ўзносіць сваіх вачэй да ідалаў дому Ізраэля, не ганьбіць жонкі бліжняга свайго, не набліжаецца да жанчыны ў час яе нячыстасці, не ўціскае нікога, вяртае даўжніку заклад ягоны, не чыніць рабунку, дае галоднаму свой хлеб і прыкрывае голага адзежай, не займаецца ліхвярствам, адхіляе руку сваю ад беззаконня, справядліва рассуджвае аднаго чалавека з другім, паступае паводле Маіх пастановаў і захоўвае Мае прысуды, каб здзейсніць праўду — гэта справядлівы чалавек, і ён напэўна будзе жыць, — кажа Пан Бог.  

Але калі б у яго нарадзіўся сын злачынца, які пралівае кроў і робіць што-небудзь з таго, ён не будзе жыць. Калі ён робіць усю гэту агіду, то напэўна памрэ і кроў ягоная будзе на ім.

Таму, дом Ізраэля, Я буду судзіць кожнага паводле шляхоў ягоных, — кажа Пан Бог. Пакайцеся і адвярніцеся ад усіх сваіх злачынстваў, каб яны ўжо не былі для вас прычынай спатыкнення. Адкіньце ад сябе ўсе грахі, якія вы ўчынілі супраць Мяне, і стварыце ў сабе новае сэрца і новы дух, бо навошта паміраць вам, дом Ізраэля? Я не хачу смерці таго, хто памірае, — кажа Пан Бог. Таму навярніцеся — і будзеце жыць.  

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 51 (50),  12–13. 14–15. 18–19  (Р.: 12а)

Рэфрэн: Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа.

12. Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, *
і аднаві ўва мне трывалы дух.
13. Не адкінь мяне ад свайго аблічча *
і не пазбаў мяне Духа Твайго Святога.

Рэфрэн:

14. Вярні мне радасць збаўлення Твайго *
і ўмацуй мяне духам прыхільным.
15. Навучы няправых шляхам Тваім, *
і бязбожнікі да Цябе вернуцца.

Рэфрэн:

18. Бо Ты не прагнеш ахвяры, *
усеспаленне, хоць бы даў я, Табе не спадабаецца.
19. Ахвяра для Бога — дух пакорны,
сэрцам зламаным і пакорным Ты, Божа, не пагарджаеш.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. Мц 11, 25
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Благаслаўлёны Ты, Ойча, Пан  неба  і  зямлі,
бо Ты адкрыў таямніцы Валадарства дзецям.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 19, 13–15

Не забараняйце дзецям прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Прынеслі да Езуса дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся. Вучні ж папракалі іх. Але Езус сказаў: Пусціце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае. І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 04.08.2010 16:32
 
© 2003-2024 Catholic.by