Чацвер — дваццаты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Суд 11, 29–39а

Ахвярую ва ўсеспаленне Пану першае, што выйдзе мне насустрач з дому

Чытанне кнігі Суддзяў.

У тыя дні:

Дух Пана быў над Ефтаем, і ён прайшоў зямлю Гілеада і Манасэса, і прайшоў гілеадскую Міцпу, а з гілеадскай Міцпы рушыў супраць аманіцянаў. Ефтай пакляўся Пану, кажучы: Калі Ты аддасі аманіцянаў у мае рукі і я вярнуся з мірам ад аманіцянаў, тады ахвярую ва ўсеспаленне Пану першае, што выйдзе мне насустрач з варотаў майго дому.

І прыйшоў Ефтай да аманіцянаў, каб ваяваць з імі, і Пан аддаў іх у рукі ягоныя. І ён нанёс ім вельмі вялікае паражэнне, пачынаючы ад Араэра аж да ўваходу ў Мініт, дваццаць гарадоў да Абэль-Харміна. І аманіцяне скарыліся перад сынамі Ізраэля.

А калі Ефтай вяртаўся да свайго дому ў Міцпу, выйшла яму насустрач адзіная дачка ягоная з бубнамі і танцамі. І не было ў яго іншых дзяцей. Убачыўшы яе, Ефтай разарваў шаты свае і сказаў: Гора мне, дачка мая, якое няшчасце ты спаслала на мяне! Ты пазбавіла мяне спакою! Бо я пакляўся перад Панам і не змагу ўчыніць інакш.

Яна адказала яму: Ойча мой, калі ты пакляўся перад Панам, то рабі са мной тое, што паабяцаў, таму што Пан дазволіў табе адпомсціць тваім ворагам, аманіцянам. І сказала бацьку: Дазволь мне папрасіць толькі аб адным: адпусці мяне на два месяцы падняцца ў горы, каб аплакаць маё дзявоцтва з маімі сяброўкамі. Ён адказаў: Ідзі, — і адпусціў яе на два месяцы. Яна пайшла з сяброўкамі сваімі і аплаквала ў гарах сваё дзявоцтва разам са сваімі сяброўкамі.

Калі ж мінула два месяцы, яна вярнулася да свайго бацькі, і ён зрабіў з ёю так, як пакляўся.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 40 (39), 5. 7–8а. 8b–9. 10  (Р.: пар. 8а і 9а)

Рэфрэн: Прыходжу, Пане, споўніць Тваю волю.

5. Шчаслівы чалавек, *
які спадзяецца на Пана,
і не звяртаецца да ганарыстых *
і схільных да маны.

Рэфрэн:

7. Ахвяры і прынашэння Ты не пажадаў, *
але Ты адкрыў мне вушы.
Усеспалення і ахвяры за грэх Ты не патрабуеш. *
8. Тады сказаў я: Вось іду.

Рэфрэн:

У пачатку кнігі *
напісана пра мяне.
9. Я пажадаў спаўняць Тваю волю; *
і Твае законы жывуць у сэрцы маім.

Рэфрэн:

10. Я абвяшчаў Тваю справядлівасць *
на вялікім сходзе
і не закрываў вуснаў сваіх, *
Ты гэта ведаеш, о Пане.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Эзх 36, 23–28

Дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан:

Я асвячу вялікае імя Маё, зняслаўленае сярод народаў, у якіх вы зганьбілі яго, і даведаюцца народы, што Я — Пан, — кажа Пан Бог, — калі Мая святасць праявіцца ў вас перад вачыма іхнімі. I Я вазьму вас з народаў, і збяру з усіх земляў, і прывяду вас у зямлю вашую. I акраплю вас вадою чыстаю, і будзеце ачышчаны ад ўсяго бруду вашага, і ад ўсіх ідалаў вашых Я ачышчу вас. I дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з плоці. I дух Мой удыхну ў нутро вашае, і зраблю так, што вы будзеце хадзіць у Законе Маім, захоўваць пастановы Мае і выконваць іх. I будзеце жыць на зямлі, якую Я даў айцам вашым, і будзеце народам Маім, а Я буду вашым Богам.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 51 (50), 12–13. 14–15. 18–19  (Р.: Эзх 36, 25)

Рэфрэн: Я акраплю вас, і будзеце ачышчаны.

12. Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, *
і аднаві ўва мне трывалы дух.
13. Не адкінь мяне ад свайго аблічча *
і не пазбаў мяне Духа Твайго Святога.

Рэфрэн:

14. Вярні мне радасць збаўлення Твайго *
і ўмацуй мяне духам прыхільным.
15. Навучы няправых шляхам Тваім, *
і бязбожнікі да Цябе вернуцца.

Рэфрэн:

18. Бо Ты не прагнеш ахвяры, *
усеспаленне, хоць бы даў я, Табе не спадабаецца.
19. Ахвяра для Бога — дух пакорны,
сэрцам зламаным і пакорным Ты, Божа, не пагарджаеш.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. Пс 95 (94), 8аb
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя,
але слухайце голас Пана.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 22, 1–14

Усіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Адказваючы, Езус зноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго. Ён паслаў слугаў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці.

Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле!

Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.

Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад.

Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле. I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі.

Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельную вопратку, і кажа яму: Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі? Ён прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: Звяжыце яму ногі і рукі, і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

Бо шмат пакліканых, але мала выбраных.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 10.08.2010 13:36
 
© 2003-2024 Catholic.by