XX Звычайная нядзеля, Год С | Друк |
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ер 38, 4–6. 8-10

Ты нарадзіла мяне чалавекам нязгоды для ўсёй зямлі (Ер 15, 10)

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

У тыя дні:

Кіраўнікі сказалі каралю: Няхай Ерамія будзе аддадзены на смерць, бо ён расслабляе рукі жаўнераў, якія застаюцца ў гэтым горадзе, і рукі ўсяго народа, кажучы ім падобныя словы. Гэты чалавек шукае для свайго народа не дабрабыту, але толькі няшчасця.

І сказаў кароль Сэдэкія: Ён у вашых руках, бо кароль не можа зрабіць нічога супраць вас. Тады яны ўзялі Ерамію і, спусціўшы на вяроўках,  кінулі яго ў яму Мальхія, каралеўскага сына, якая знаходзілася ў двары цямніцы. У яме была не вада, а толькі багна; і загразнуў Ерамія ў багне.

І выйшаў Абдэмэлех з каралеўскага дому, і сказаў каралю, кажучы: Гаспадар мой, кароль, гэтыя людзі ва ўсім паступілі дрэнна з прарокам Ераміяй. Яны кінулі яго ў яму, каб ён памёр там з голаду, бо ў горадзе ўжо няма хлеба.

Тады кароль загадаў эфіопу Абдэмэлеху: Вазьмі з сабою адсюль трыццаць чалавек і выцягні прарока Ерамію з ямы, пакуль ён не памёр. 

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 40 (39), 2–3. 4. 18  (Р.: 14b)

Рэфрэн: Пане, паспяшы мне на дапамогу.

2. Я цвёрда спадзяваўся на Пана, *
і Ён схіліўся нада мною, і пачуў мой крык.
3. Падняў мяне з ямы пагібелі, з балоцістай багны, *
паставіў на скале мае ногі, умацаваў крокі мае.

Рэфрэн:

4. І паклаў у мае вусны новую песню, *
спеў хвалы нашаму Богу.
Многія ўбачаць і спалохаюцца, *
і будуць спадзявацца на Пана.

Рэфрэн:

18. Я няшчасны і ўбогі, *
але Пан пра мяне дбае.
Ты — дапамога мая і мой Збаўца, *
Божа мой, не спазняйся!

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 12, 1–4

Будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Маючы вакол сябе безліч сведкаў, скінем з сябе ўсялякі цяжар і грэх, які лёгка аблытвае нас, і будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры. Замест радасці, што была перад Ім, Ён, не зважаючы на ганьбу,  выцерпеў крыж і сеў праваруч Божага трону.

Падумайце пра таго, хто вытрываў такі над сабою здзек ад грэшнікаў, каб не знемагліся вы ў душах сваіх і не аслаблі. Вы яшчэ не змагаліся аж да крыві, ваюючы супраць граху.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 10, 27
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 12, 49–53

Прыйшоў даць не спакой, але раздзяленне

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся. Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца. Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, не спакой, але раздзяленне. Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх.
        Бацька будзе супраць сына,
        і сын супраць бацькі,
        маці супраць дачкі,
        і дачка супраць маці,
        свякроў супраць нявесткі сваёй,
        і нявестка супраць свекрыві сваёй.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 10.08.2010 13:09
 
© 2003-2024 Catholic.by