XX Звычайная нядзеля, Год B | Друк |
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Прып 9, 1–6

Ешце хлеб мой, піце віно, якое змяшала

Чытанне кнігі Прыпавесцяў Саламона.

Мудрасць збудавала дом свой і вычасала сем калонаў яго, забіла тое, што было на зарэз, змяшала віно сваё і стол падрыхтавала. Выслала служанак сваіх і кліча з вяршынь узвышшаў горада: Хто просты, няхай прыйдзе сюды.

Неразумнаму яна сказала: Хадзіце, ешце хлеб мой, піце віно, якое змяшала. Адкіньце глупства і будзеце жыць, хадзіце шляхам розуму.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 34 (33), 2–3. 10–11. 12–13. 14–15  (Р.: 9а)

Рэфрэн: Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
4. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.

Рэфрэн:

10. Бойцеся Пана, Ягоныя святыя; *
бо той, хто баіцца Яго, не мае нястачы ні ў чым.
11. Дзікія звяры церпяць нястачу і голад, *
а тым, хто шукае Пана, не будзе неставаць ніякага дабра.

Рэфрэн:

12. Прыйдзіце, сыны, паслухайце мяне: *
навучу вас боязі Пана.
13. Хто той чалавек, які ўпадабаў жыццё *
і любіць доўгія дні, каб бачыць дабро?

Рэфрэн:

14. Сцеражы язык свой ад злога,
і вусны свае ад словаў падступных.
15. Адвярніся ад зла і рабі дабро,
Шукай спакою і трымайся яго.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Эф 5, 15–20

Пазнавайце, што ёсць воляй Пана

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Глядзіце дакладна, браты, як паступаеце, не як неразумныя, а як мудрыя. Выкарыстоўвайце час, бо дні ліхія. Не будзьце ж неразважнымі, але пазнавайце, што ёсць воляй Пана.

І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста, але напаўняйцеся Духам, настаўляючы саміх сябе псальмамі і гімнамі, і спевамі духоўнымі, спяваючы і выслаўляючы Пана ў сэрцах вашых. Дзякуйце заўсёды за ўсё Богу і Айцу у імя Пана нашага Езуса Хрыста.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 6, 56
Хто есць Маё Цела і п’е Маю Кроў,
ува Мне ёсць, а Я — у ім, — кажа Пан.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 6, 51–58

Хлеб жывы, які сышоў з неба

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў народу: Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету.

Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: Як Ён можа даць нам есці сваё цела?

Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

Бо цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім.

Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі.

Гэта сказаў Ён у сінагозе, калі навучаў у Кафарнауме.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 10.08.2010 13:04
 
© 2003-2019 Catholic.by