Панядзелак — дваццаць першы звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Тэс 1, 1–5. 8b–10

Пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, якога Ён уваскрасіў

Пачатак Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Павел і Сілуан, і Цімафей да Касцёла Тэсаланікійцаў у Богу Айцу і Пану, Езусе Хрысце; ласка вам і спакой.

За ўсіх вас заўсёды дзякуем Богу, узгадваючы вас у малітвах нашых, няспынна памятаючы пра вашую справу веры і клопат любові, і пра цярплівую надзею на Пана нашага Езуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым, ведаючы, умілаваныя Богам браты, пра выбранне вашае. Бо нашае Евангелле не было да вас толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым Духу, і ў поўнай перакананасці. Вы ведаеце, якімі сталі мы ў вас дзеля вас.

У кожным месцы распаўсюджвалася ваша вера ў Бога, так што нам няма патрэбы нешта казаць. Самі яны пра нас сведчаць, якім быў наш прыход да вас і як вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб служыць жывому і праўдзіваму Богу і чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, якога Ён уваскрасіў з мёртвых, – Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 149, 1–2. 3–4. 5–6а і 9b  (Р.: 4а)

Рэфрэн: Спявайце Пану, бо народ свой любіць.
Або: Аллелюя.

1. Спявайце Пану новую песню, *
хвала Яму на сходзе святых.
2. Няхай радуецца Ізраэль у тым, хто яго стварыў, *
сыны Сіёну няхай цешацца ў сваім Валадары.

Рэфрэн:

3. Няхай праслаўляюць імя Ягонае ў танцы, *
няхай зайграюць Яму на бубне і гарфе.
4. Бо Пан любіць свой народ, *
пакорных карануе збаўленнем.

Рэфрэн:

5. Няхай усклікаюць святыя ў славе, *
няхай радуюцца на ложах сваіх.
6. Пахвалы Богу на іх вуснах. *
9. Гэтая хвала для ўсіх Ягоных святых.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

2 Тэс 1, 1–5. 11b–12

Каб імя Пана праславілася ў вас, а вы — у Ім

Пачатак Другога паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Павел, Сілуан і Цімафей — Тэсаланікійскаму касцёлу ў Богу Айцы нашым і Пану Езусе Хрысце. Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста. Мы павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, і гэта заслужана, таму што ўзрастае вера вашая і павялічваецца любоў кожнага з усіх вас адзін да аднаго. Так што і мы самі ганарымся вамі сярод касцёлаў Божых, дзякуючы вытрываласці вашай і веры ва ўсіх ганеннях вашых і ўціску, якія вы зносіце. Гэта доказ справядлівага суда Божага, каб вы аказаліся вартымі Божага Валадарства, дзеля якога і церпіце.

Молімся, каб наш Бог прызнаў вас годнымі паклікання і выканаў усякую добрую волю і справу веры ў моцы, каб праславілася імя нашага Пана Езуса ў вас, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Пана Езуса Хрыста.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 96 (95), 1–2а. 2b–3. 4–5  (Р.: 3)

Рэфрэн: Апавядайце між народамі пра  славу Пана.

1. Спявайце Пану новую песню, *
спявай Пану, уся зямля.
2. Спявайце Пану, *
слаўце Ягонае імя.

Рэфрэн:

Абвяшчайце з дня ў дзень Яго збаўленне. *
3. Апавядайце між плямёнамі пра  славу Яго,
паміж усімі народамі *
пра цуды Ягоныя.

Рэфрэн:

4. Бо вялікі Пан і вельмі праслаўлены, *
Ён грозны па-над усімі багамі.
5. Бо ўсе богі народаў — ідалы, *
а Пан стварыў нябёсы.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 10, 27
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі мае слухаюць Мой голас, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 23, 13–22

Гора вам, сляпыя правадыры

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус прамовіў, кажучы: Гора вам, кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі. Бо самі не ўваходзіце і, калі ўваходзяць іншыя, не пускаеце іх.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што абыходзіце мора і сушу, каб зрабіць хоць аднаго празелітам. Калі ж гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвая горшым, чым вы самі.

Гора вам, сляпыя правадыры, якія кажаце: Калі хто клянецца святыняй, то нічога; але калі хто клянецца золатам святыні, то абавязаны. Неразумныя і сляпыя, бо што большае: золата, ці святыня, якая асвячае золата? І зноў: Калі хто клянецца ахвярнікам, то нічога; а калі клянецца дарам, што на ім, то абавязаны. Сляпыя, бо што большае: дар, ці ахвярнік, які асвячае дар? Таму той, хто клянецца ахвярнікам, клянецца і ім, і ўсім, што на ім. І той, хто клянецца святыняю, клянецца і ёю, і тым, хто жыве ў ёй. А хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і тым, хто сядзіць на ім. 

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 12.08.2010 16:08
 
© 2003-2019 Catholic.by