ХХІI Звычайная нядзеля, Год А | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ер 20, 7–9

Слова Пана стала прычынаю кпінаў з мяне

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Ты намаўляў мяне, Пане, і я паддаўся намове; Ты быў мацнейшы і перамог мяне. Я станаўлюся пасмешышчам кожны дзень, і ўсе кпяць з мяне. Бо калі толькі пачынаю гаварыць, крычу аб насіллі, абвяшчаю спусташэнне, таму што слова Пана стала прычынаю штодзённых кпінаў і насмешак з мяне. І я сказаў сабе: Не буду ўспамінаць Яго і не буду больш прамаўляць ў імя Ягонае. Але ў маіх касцях з’явіўся нібы палаючы агонь, што быў замкнёны ў касцях маіх; я стаміўся цярпець яго, і больш не магу.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 63 (62), 2. 3–4. 5–6. 8–9  (Р.: 2b)

Рэфрэн: Божа, Цябе прагне душа мая.

2. Божа, Ты мой Бог, Цябе шукаю, *
Цябе прагне душа мая,
маё цела па Табе тужыць *
у зямлі пустыннай, засохлай і бязводнай.

Рэфрэн:

3. Так, у святыні я ўглядаюся ў Цябе, *
каб убачыць Тваю сілу і славу.
4. Бо міласэрнасць Твая лепшая за жыццё, *
вусны мае будуць хваліць Цябе. 

Рэфрэн:

5. Так, буду благаслаўляць Цябе ў маім жыцці *
і ўзнясу рукі ў імя Тваё.
6. Душа мая насычаецца, нібы тлушчам і тукам, *
і вусны мае славяць Цябе радасным спевам.

Рэфрэн:

8. Бо Ты стаў маёй дапамогай, *
у цені крылаў Тваіх узрадуюся.
9. Да Цябе імкнецца душа мая, *
трымае мяне Твая правіца.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 12, 1–2

Аддайце вашыя целы на ахвяру

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце вашыя целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу — на разумнае служэнне вашае. І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая — добрая, прыемная і дасканалая.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
пар. Эф 1, 17–18
Няхай Айцец нашага Пана Езуса Хрыста
прасветліць вочы сэрца вашага,
каб вы ведалі, у чым надзея паклікання нашага.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 16, 21–27

Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус пачаў адкрываць сваім вучням, што Ён павінен ісці ў Ерузалем, і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: Пашкадуй сябе, Пане, няхай не здарыцца гэтага з Табою. Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае.

Тады Езус сказаў вучням сваім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая ж будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе увесь свет, а душы сваёй прынясе шкоду? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з Анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 12.08.2010 17:11
 
© 2003-2024 Catholic.by