Серада — дваццаць пяты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Езд 9, 5–9

Пан не пакінуў нас у няволі нашай

Чытанне кнігі Ездры.

Я, Ездра, у час вечаровай ахвяры падняўся з месца нядолі сваёй і, разарваўшы шаты і плашч, упаў на калені свае, і працягнуў свае рукі да Пана Бога свайго.

Я сказаў: Мой Божа, мне сорамна і няёмка звярнуць свой твар да Цябе, таму што беззаконні нашыя падняліся вышэй за галаву, а нашыя правіны выраслі аж да неба. Ад дзён бацькоў нашых аж да гэтага дня на нас — цяжкая віна. За беззаконні нашыя мы самі, каралі нашыя і святары нашыя былі аддадзены ў рукі чужаземных каралёў, пад меч, у палон, на разрабаванне і на сорам, як сёння.

Але вось, неўзабаве мы знайшлі ласку ў Пана Бога нашага, які захаваў для нас рэшту ацалелых, умацаваў нас на месцы святыні сваёй. І асвятліў наш Бог вочы нашыя, і даў нам трохі ажыць у няволі нашай. Бо мы нявольнікі, але Пан не пакінуў нас у няволі нашай. Ён павярнуў да нас міласэрнасць каралёў Персіі, каб яны далі нам ажыць, каб быў пабудаваны дом Бога нашага і адноўлены ягоныя руіны, а мы атрымалі прыстанішча ў Юдэі і Ерузалеме.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Тоб 13, 2. 3–4a. 4bcd. 5. 8 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Благаслаўлёны Бог, які жыве, навекі.

2. Благаслаўлёны Бог, які жыве, навекі, †
і Ягонае валадарства, *
бо Ён карае і праяўляе міласэрнасць,
зводзіць ўніз аж да адхлані †
і ўзнімае веліччу сваёй са згубы, *
няма таго, хто пазбегне Ягонай рукі.

Рэфрэн:

3. Вызнавайце Яго, *
сыны Ізраэля, перад народамі,
бо Ён сам рассеяў вас сярод іх *
4. і нават там паказаў сваю веліч.

Рэфрэн:

Узвялічвайце Яго *
перад кожным жывым,
бо Ён наш Пан і Ён Айцец наш, *
Ён Бог наш ва ўсе вякі.

Рэфрэн:

5. За беззаконні вашыя Ён пакараў вас, *
але Ён злітуецца над вамі ўсімі
і збярэ вас між усіх народаў, *
сярод якіх вы былі рассеяны.

Рэфрэн:

8. На зямлі маёй няволі Яго вызнаю *
і паказваю Ягоную моц і веліч грэшнаму народу.
Навярніцеся, грэшнікі, і паступайце справядліва перад Ім. *
Хто ведае, можа будзе ласкавы і праявіць да вас міласэрнасць?

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Прып 30, 5–9

Не давай мне ні беднасці, ні багацця, але ўдзяляй мне хлеба, колькі адмерана мне

Чытанне кнігі Прыпавесцяў Саламона.

Кожнае слова Бога выпрабавана ў агні;
Ён шчыт для тых, хто ў Ім прыбежышча шукае.
Не дадавай нічога да Ягоных слоў,
каб Ён не дакарыў цябе і ты не аказаўся ілгуном.
Дзвюх рэчаў я прашу ў Цябе, Пане,
не адмаўляй мне ў гэтым аж да смерці.
Адхіляй ад мяне падман і хлусню
і не давай мне ні беднасці, ні багацця,
але ўдзяляй мне хлеба, колькі адмерана мне,
каб, выпадкам, стаўшы сытым я не адрокся
і не гаварыў: Хто Пан? —
каб красці ад беднасці не стаў
і не зняважыў імя Пана.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 119 (118), 29. 72. 89. 101. 104. 163 (Р.: 105а)

Рэфрэн: Тваё слова — светач для маіх ног.

29. Аддалі ад мяне шлях падману *
і дай мне Закон  Твой.
72. Закон вуснаў Тваіх для мяне лепшы, *
чым мноства золата і срэбра.

Рэфрэн:

89. Навекі, Пане, *
устаноўлена Тваё слова ў нябёсах.
101. Устрымліваю ногі свае ад кожнай злой сцежкі, *
каб захоўваць Тваё слова.

Рэфрэн:

104. Я разумнею ад Тваіх наказаў, *
таму я ненавіджу ўсякі шлях ілжывы.
163. Я ненавіджу фальш і адчуваю да яго пагарду, *
але маё ўпадабанне — у Тваім Законе.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Мк 1, 15
Наблізілася Валадарства Божае,
кайцеся і верце ў Евангелле.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 9, 1–6

Паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус паклікаў Дванаццаць і даў ім сілу і ўладу над усімі злымі духамі і ўладу лячыць хваробы. Ён паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых. І сказаў ім: Нічога не бярыце з сабою ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні грошай — не майце таксама па дзве вопраткі. Да якога дому ўвойдзеце, у тым і заставайцеся аж да свайго адыходу. Калі ж вас нехта не прыме, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне супраць іх.

Адправіўшыся, яны праходзілі па вёсках, абяшчаючы Добрую Навіну і аздараўляючы ўсюды.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 07.09.2010 17:34
 
© 2003-2024 Catholic.by