Серада — дваццаць шосты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Нм 2, 1–8

Калі гэта спадабаецца каралю, пашлі мяне ў горад айцоў маіх, каб я адбудаваў яго

Чытанне кнігі Нээміі.

У месяцы Нісан, на дваццатым годзе панавання караля Артаксэркса, стаяла перад ім віно. І я, Нээмія, ўзяў віно і падаў каралю, і, здавалася, не быў засмучаны перад ім. Але кароль сказаў мне: Чаму твар твой засмучаны, ты ж не  хворы? Гэта нішто іншае, як смутак у сэрцы. Я вельмі спалохаўся і сказаў каралю: Няхай жыве кароль навекі! Як не быць засмучаным абліччу майму, калі горад, дом грабніц айцоў маіх, у заняпадзе, і брамы яго спалены агнём! І сказаў мне кароль: Чаго ж ты патрабуеш? Я памаліўся Богу нябеснаму і сказаў каралю: Калі гэта спадабаецца каралю, і калі слуга твой знайшоў прыхільнасць у вачах Тваіх, то пашлі мяне ў Юдэю, у горад грабніц айцоў маіх, каб я адбудаваў яго.

І сказаў мне кароль і каралева, якая сядзела каля яго: Колькі часу працягнецца шлях твой, і калі вернешся? І пажадаў кароль паслаць мяне, і я вызначыў яму час. Я сказаў каралю: Калі гэта спадабаецца каралю, няхай дадуць мне ліст да кіраўнікоў зарэчнай краіны, каб правялі мяне, пакуль не дайду да Юдэі; і ліст да Асафа, дазорцы каралеўскіх лясоў, каб даў мне дрэва на будоўлю замкавай брамы, што каля святыні, і на гарадскую сцяну, і на дом, у якім буду жыць.

І даў мне кароль, бо добрая рука Бога майго была нада мною.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 137 (136), 1–2. 3. 4–5. 6 (Р.: 6)

Рэфрэн: Узніму Ерузалем на вяршыню маёй радасці.

1. Над рэкамі Бабілёна сядзелі мы і плакалі, *
калі ўспаміналі пра Сіён.
2. На вербах пасярод яго *
павесілі мы нашыя арфы.

Рэфрэн:

3. Бо тыя, хто ўзяў нас у палон, *
патрабавалі ад нас песняў,
а прыгнятальнікі нашыя — вяселля: *
Заспявайце нам адну з песень Сіёну.

Рэфрэн:

4. Як жа нам спяваць песні Пана *
на чужой зямлі?
5. Калі забуду цябе, Ерузалем, *
няхай засохне мая правіца.

Рэфрэн:

6. Няхай прыліпне язык мой да паднябення майго, *
калі не буду памятаць пра цябе,
калі не ўзніму Ерузалем *
на вяршыню маёй радасці.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ёв 9, 1–12. 14–16

Як апраўдаецца чалавек перад Богам

Чытанне кнігі Ёва.

Адказваючы, Ёў сказаў сваім сябрам:

Сапраўды, ведаю, што так ёсць, бо як апраўдаецца чалавек перад Богам. Калі хто захоча спрачацца з Ім, то не адкажа Яму ні разу на тысячу. Ён мудры сэрцам і магутны сілай. Хто паўставаў супраць Яго і заставаўся ў спакоі? Ён пераносіць горы, і не ведаюць яны, што Ён пераварочвае іх у сваім гневе. Ён падымае зямлю з яе месца, і слупы яе дрыжаць. Ён загадвае сонцу, і яно не ўзыходзіць, і зоркі замыкае, нібы пад пячаткай. Ён адзін рассцілае нябёсы і крочыць па марскіх плынях. Ён стварыў Арктур, Арыён і Плеяды, і паўднёвыя пакоі. Ён чыніць вялікае і неспазнавальнае, і цудоўнае без ліку!

Калі прыйдзе да мяне, не ўбачу Яго. Не заўважу, калі адыдзе. Калі раптам схопіць, хто Яму перашкодзіць? Хто скажа: Што Ты робіш? Што ж магу я адказаць Яму, шукаючы словы перад Ім? Калі б нават я меў слушнасць, не адказаў бы нічога, але прасіў бы аб літасці майго Суддзю. Калі б я паклікаў, і Ён адказаў мне, я не паверыў бы, што Ён пачуў мой голас.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 88 (87), 10bc–11. 12–13. 14–15 (Р.: 3а)

Рэфрэн: Няхай мая малітва дойдзе да Твайго аблічча.

10. Штодня я клічу Цябе, Пане, *
да Цябе працягваю рукі мае.
11. Ці ж памерлым Ты учыніш цуды? *
Ці ж мёртвыя ўстануць і будуць славіць Цябе?

Рэфрэн:

12. Ці ў магіле абвяшчаецца Твая міласэрнасць, *
і праўда Твая ў месцы згубы?
13. Хіба ў цемры пазнаюць Твае цуды, *
і ў краіне забыцця Тваю справядлівасць?

Рэфрэн:

14. Але я клічу Цябе, Пане, *
і раніцай мая малітва Цябе сустракае.
15. Чаму адкідаеш, Пане, душу маю, *
хаваеш аблічча сваё ад мяне?

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Флп 3, 8–9
Я ўсё прызнаю стратай і лічу смеццем,
каб набыць Хрыста і знайсці сябе ў Ім.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 9, 57–62

Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус і вучні Ягоныя былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. Езус сказаў яму: Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву.

А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той адказаў: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго. Але Езус сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае.

Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі. Езус жа сказаў яму: Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да  Валадарства Божага.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 08.09.2010 11:14
 
© 2003-2024 Catholic.by