XXVI Звычайная нядзеля, Год С | Друк |
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ам 6, 1а. 4–7

Цяпер сціхне крык радасці распешчаных

Чытанне кнігі прарока Амоса.

Так кажа Пан усемагутны:

Гора бесклапотным на Сіёне і тым, хто спадзяецца на гару самарыйскую.

Тым, хто ўзлёг на ложах са слановай косці і песціцца на сваіх пасцелях, хто есць ягнят са статку і цялят з сярэдзіны пашы. Тым, хто спявае пад гукі гусляў, хто выдумляе сабе, нібы Давід, музычныя інструменты. Хто п’е з келіхаў віно, намашчваецца найлепшымі алеямі і не перажывае з-за падзення Юзафа.

Таму цяпер пойдуць яны ў выгнанне на чале палонных, і сціхне радасны крык распешчаных.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 146 (145), 6c–7. 8–9а. 9bc–10  (Р.:  1b)

Рэфрэн: Хвалі, душа мая, Пана.

6. Бог навекі захоўвае вернасць. *
7. Справядліва судзіць пакрыўджаных,
хлеб дае пакорным, *
Пан вызваляе вязняў.

Рэфрэн:

8. Пан адкрывае вочы сляпым, *
Пан узнімае прыніжаных.
Пан любіць справядлівых, *
9. Пан абараняе чужаземцаў.

Рэфрэн:

Пан сірату і ўдаву падтрымлівае, *
а шлях грэшных скрыўляе.
10. Пан валадарыць навекі, *
твой Бог, Сіёне, з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Цім 6, 11–16

Захоўваць запаведзь да аб’яўлення Пана

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Ты, о чалавек Божы, пазбягай памылак, імкніся да справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці і лагоднасці. Змагайся добрым змаганнем веры, трымайся вечнага жыцця, да якога ты пакліканы і пра якое ты даў добрае вызнанне перад многімі сведкамі.

Перад Богам, які дае жыццё ўсяму, і перад Езусам Хрыстом, які даў перад Понціем Пілатам добрае сведчанне, наказваю табе захоўваць запаведзь чыстай і беззаганнай аж да аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста, якое ў свой час пакажа шчаслівы і адзіны Моцны, Кароль над каралямі і Пан над панамі,  адзіны несмяротны, які жыве ў недаступным святле, якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа. Яму пашана і вечная моц! Амэн.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

2 Кар 8, 9
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус Хрыстус, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас,
каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 16, 19–31

Ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, таксама і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў фарысеям: Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў. А нейкі жабрак, па імені Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя.

Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты і быў пахаваны. У пекле, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. І, усклікнуўшы, сказаў: Ойча Абрагаме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб памачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым. Але Абрагам сказаў: Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці.

Тады сказаў ён: Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты. Абрагам адказаў: У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх. А ён сказаў: Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца. Тады Абрагам сказаў яму: Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 08.09.2010 10:52
 
© 2003-2019 Catholic.by