ХХVI Звычайная нядзеля, Год А | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Эзх 18, 25–28

Калі грэшнік адвернецца ад граху свайго, ён захавае жывой душу сваю

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан:

Вы кажаце: Несправядлівы шлях Пана. Цяпер паслухай, доме Ізраэля: Гэта мой шлях несправядлівы, ці несправядлівыя хутчэй шляхі вашыя? Калі справядлівы адварочваецца ад справядлівасці сваёй і чыніць беззаконне, і памірае, то за гэтыя беззаконні, якія чыніў, памірае.

Калі грэшнік адвернецца ад граху свайго, які чыніў, і будзе здзяйсняць правасуддзе і справядлівасць, ён захавае жывой душу сваю. Ён пабачыў і адвярнуўся ад усіх беззаконняў сваіх, якія чыніў, таму жыць будзе і не памрэ.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 25 (24), 4–5. 6–7. 8–9 (Р.: 6а)

Рэфрэн: Узгадай пра міласэрнасць сваю, Пане.

4. Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, *
і навучы мяне сцежкам Тваім.
5. Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, †
бо Ты Бог збаўлення майго, *
на Цябе спадзяюся кожны дзень.

Рэфрэн:

6. Узгадай пра міласэрнасць сваю, Пане, *
і пра ласку сваю, бо яны спрадвеку.
7. Грахоў маладосці маёй і злачынстваў маіх не ўспамінай; †
памятай пра мяне паводле міласці Тваёй, *
дзеля вялікай дабрыні Тваёй.

Рэфрэн:

8. Пан добры і справядлівы, *
таму паказвае грэшнікам шлях.
9. Ён кіруе прыніжанымі ў справядлівасці *
і навучае пакорных шляхам cваім.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Флп 2, 1–5

Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Калі ёсць які заклік ў Хрысце, калі ёсць якое падбадзёрванне любові, калі ёсць якая лучнасць духа, калі ёсць якое сардэчнае спачуванне, то дапоўніце радасць маю, каб вы думалі тое самае, мелі тую самую любоў, былі аднадушнымі і аднадумцамі. Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе. Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 10, 27
Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 21, 28–32

Мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народу: Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку. Але той адказаў: Не хачу! А пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады ён падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: Ужо іду, спадару. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі? Кажуць Яму: Першы.

Тады Езус кажа ім: Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі яму. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 08.09.2010 10:40
 
© 2003-2024 Catholic.by