Чацвер — дваццаць восьмы звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Рым 3, 21–29

Чалавек апраўдваецца вераю незалежна ад учынкаў Закону

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Цяпер незалежна ад Закону з’явілася Божая справядлівасць, пра якую сведчаць Закон і прарокі. Справядлівасць Божая праз веру ў Езуса Хрыста для ўсіх, хто верыць, таму што няма розніцы. Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай, але атрымліваюць апраўданне дарма, паводле ласкі Ягонай, праз адкупленне ў Езусе Хрысце. Яго Бог устанавіў у моцы Ягонай крыві як уміласціўленне праз веру, каб паказаць справядлівасць Яго ў адпушчэнні грахоў, учыненых раней — у час доўгацярплівасці Божай — каб выявіць справядлівасць Ягоную ў цяперашні час, каб з’явіўся Ён справядлівым і апраўдаў таго, хто верыць у Езуса.

Дык дзе ж пахвала? Адкінута.  Якім законам? Законам учынкаў? Не, але законам веры. Бо мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю незалежна ад учынкаў Закону. Ці ж Бог ёсць толькі юдэяў, а язычнікаў не? Так, і язычнікаў, таму што адзін ёсць Бог.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 130 (129), 1–2. 3–4. 5–6ab (Р.: 7bc)

Рэфрэн: У Пана міласэрнасць і адкупленне.

1. З глыбіні я клічу Цябе, Пане. *
2. Пане, пачуй мой голас.
Няхай Твае вушы пачуюць *
голас маіх малітваў.

Рэфрэн:

3. Калі Ты, Пане, будзеш зважаць на беззаконні, *
хто ж вытрывае, Пане?
4. Але ў Цябе прабачэнне, *
каб баяліся Цябе.

Рэфрэн:

5. Спадзяюся на Пана, *
спадзяецца душу мая на Яго слова.
6. Душа мая чакае Пана
больш, чым варта світання. *

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Эф 1, 1–10

Выбраў нас у Ім перад стварэннем свету

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Павел, воляю Божаю апостал Езуса Хрыста, святым, што ў Эфесе, і верным у Хрысце Езусе: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.

Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным. У Ім мы маем адкупленнне Ягонаю Крывёю, дараванне правінаў, паводле багацця ласкі Ягонай, якою шчодра адарыў нас ва ўсялякай мудрасці і разуменні, дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі, паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў ў Ім для спаўнення паўнаты часу, каб аб’яднаць ўсё ў Хрысце: тое, што на небе і на зямлі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 98 (97), 1. 2–3аb. 3сd–4. 5–6 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Пан паказаў сваё збаўленне.

1. Спявайце Пану новую песню, *
бо Ён учыніў цуды.
Яму дапамагла Яго правіца *
і Яго святое плячо.

Рэфрэн:

2. Паказаў Пан сваё збаўленне, *
перад вачыма народаў аб’явіў сваю справядлівасць.
3. Успомніў пра сваю вернасць і міласэрнасць*
для дому Ізраэля.

Рэфрэн:

Убачылі ўсе межы зямлі *
збаўленне Бога нашага.
4. Усклікай Пану, уся зямля, *
радуйцеся, спявайце і грайце.

Рэфрэн:

5. Грайце Пану на гуслях, *
на гуслях і на арфе.
6. Пад гучанне трубаў і рога *
радасна ўсклікайце перад Панам і Валадаром.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 14, 6
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — дарога і праўда, і жыццё, — кажа Пан.
Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 11, 47–54

Няхай спагнаная будзе з пакалення гэтага ўся кроў прарокаў, ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Сказаў  Пан: Гора вам, таму што будуеце грабніцы прарокам, а бацькі вашыя пазабівалі іх. Гэтым вы сведчыце пра ўчынкі бацькоў вашых і згаджаецеся з гэтым: яны пазабівалі іх, а вы будуеце.

Таму і Мудрасць Божая сказала: Пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і некаторых заб’юць і будуць пераследаваць. Няхай спагнаная будзе з пакалення гэтага ўся кроў прарокаў, пралітая ад стварэння свету, ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі, забітага паміж алтаром і святыняй. Сапраўды кажу вам: спагнаная будзе з гэтага пакалення.

Гора вам, кніжнікам, таму што забралі ключ пазнання. Самі не ўвайшлі і перашкодзілі тым, хто ўваходзіў.

Пасля гэтых слоў кніжнікі і фарысеі пачалі моцна нападаць на Яго і дапытвацца ў Яго шмат пра што. І хацелі пачуць што-небудзь з вуснаў Ягоных, каб абвінаваціць Яго.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 23.09.2010 14:36
 
© 2003-2024 Catholic.by