Субота — дваццаць дзявяты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Рым 8, 1–11

Дух таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, жыве ў вас

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Няма цяпер ніякага асуджэння тым, хто ў Хрысце Езусе. Бо Закон Духа жыцця ў Езусе Хрысце вызваліў цябе ад закону граху і смерці.

Бо Закон, аслаблены целам, быў бяссільны. Таму Бог, паслаўшы Сына свайго ў постаці грэшнага цела, з-за граху асудзіў грэх у целе, каб апраўданне Закону споўнілася ў нас, якія не паводле цела, але паводле духа паступаюць. Бо тыя, хто паступае паводле цела, думаюць аб цялесным. А тыя, хто паводле духа, — аб духоўным. Бо памкненні цела — смерць, а памкненні духа — жыццё і спакой. Памкненні цела — непрыяцелі Бога, бо не пакараюцца Закону Божаму, ды і не могуць. Тыя ж, хто паступае паводле цела, Богу дагадзіць не могуць. Вы ж не ў целе, але ў духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага не мае, той не належыць Яму.

Калі ж у вас Хрыстус, то цела мёртвае з-за граху, а дух мае жыццё з-за справядлівасці. Калі ж Дух таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, жыве ў вас, то той, хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашыя смяротныя целы Духам сваім, які жыве ў вас.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 24 (23), 1–2. 3–4аb. 5–6 (Р.: пар. 6)

Рэфрэн: Гэта народ верны, які шукае Пана.

1. Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй,*
сусвет і ўсё, што жыве ў ім.
2. Бо Ён заснаваў яго на морах *
і на рэках умацаваў яго.

Рэфрэн:

3. Хто ўзыдзе на гару Пана, *
і хто стане на святым месцы Ягоным?
4. Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, *
хто не схіляў душы да марнасці.

Рэфрэн:

5. Ён атрымае благаслаўленне ад Пана *
і ўзнагароду ад Бога, свайго Збаўцы.
6. Вось пакаленне тых, хто Яго шукае, *
хто шукае абліччаТвайго, Бог Якуба.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Эф 4, 7–16

Хрыстус – Галава, дзякуючы якой усё цела атрымлівае ўзрастанне

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару.

Таму і сказана: Узышоўшы на вышыні, паланіў палонных і даў людзям дары. А што азначае «ўзышоўшы», калі не тое, што ён сышоў да найніжэйшых частак зямлі. Той, хто сышоў, ёсць і тым, хто ўзышоў вышэй за ўсе нябёсы, каб напоўніць усё.

І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага Цела, пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты. Таму мы больш не павінны быць немаўлятамі, якіх хістае і захапляе кожны вецер вучэнняў, каб падманам людскім, хітрым штукарствам увесці ў зман. Але, кажучы праўду ў любові, усё павінна ўзрастаць у тым, хто з’яўляецца Галавою, — у Хрысце. З Яго ўсё цела, якое складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемныя сувязі, у меру дзеяння кожнай асобнай часткі, атрымлівае ўзрастанне цела для будавання самога сябе ў любові.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 122 (121), 1–2. 3–4а. 4b–5 (Р.: пар. 1)

Рэфрэн: З радасцю пойдзем у дом Пана Бога.

3. Узрадаваўся я, калі мне сказалі: *
Пойдзем у дом Пана.
4. Вось стаяць нашыя ногі *
ў брамах тваіх, Ерузалем.

Рэфрэн:

3. Ерузалем, пабудаваны як горад, *
дзе ўсё злучана ў адно.
4. Туды ўзыходзяць пакаленні, *
пакаленні Пана.

Рэфрэн:

Каб, паводле сведчання Ізраэля, *
праслаўляць імя Пана.
5. Там стаяць судовыя троны, *
троны дому Давіда.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Эзх 33, 11
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не хачу смерці грэшніка, — кажа Пан, —
але каб адвярнуўся ад шляху свайго і жыў.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 13, 1–9

Калі не пакаецеся, усе таксама загінеце

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час прыйшлі некаторыя і расказалі Езусу пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. Езус сказаў ім на гэтае: Думаце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, бо так пацярпелі? Не, кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васемнаццаць, на якіх звалілася сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не, кажу вам, але калі не пакаецеся ўсе таксама загінеце.

І расказаў вось якую прыпавесць: Адзін чалавек меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў. І сказаў вінаградару: Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?

Але той сказаў яму ў адказ: Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу ўгнаеннем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 14.05.2012 16:23
 
© 2003-2024 Catholic.by