ХХIX Звычайная нядзеля, Год А | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 45, 1. 4–6

Я трымаю моцна правіцу Кіра, каб  пакарыць перад абліччам Ягоным народы

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан свайму памазанніку Кіру:
Я трымаю моцна  ягоную правіцу,
каб пакарыць перад абліччам ягоным народы
і развязаць паясы каралёў,
каб адчыніць перад ім дзверы;
каб брамы не былі зачыненымі.
Дзеля слугі майго Якуба
і Ізраэля, выбранніка майго,
я назваў цябе імем тваім;
Я даў табе ганаровае імя,
хоць ты і не ведаў Мяне.
Я — Пан, і няма іншага.
Апроч Мяне няма бога.
Я падперазаў цябе, хоць ты не ведаў Мяне,
каб даведаліся ад усходу сонца і да захаду,
што няма нікога апроч Мяне.
Я — Пан, і няма іншага.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 96 (95), 1 і 3. 4–5. 7–8. 9–10а і c (Р.: 7b)

Рэфрэн: Аддайце Пану славу і моц.

5. Спявайце Пану новую песню, *
спявай Пану, уся зямля.
3. Апавядайце між плямёнамі пра  славу Яго, *
паміж усімі народамі пра цуды Ягоныя.

Рэфрэн:

4. Бо вялікі Пан і вельмі праслаўлены, *
Ён грозны па-над усімі багамі.
5. Бо ўсе богі народаў — ідалы, *
а Пан стварыў нябёсы.

Рэфрэн:

7. Аддайце Пану, плямёны народаў, *
аддайце Пану славу і моц,
8. аддайце Пану славу дзеля імя Ягонага. *
Прыносьце ахвяры і ўваходзьце ў Ягоныя дзядзінцы.

Рэфрэн:

9. Пакланіцеся Пану ў велічнай святыні. *
Дрыжы, уся зямля, перад Яго абліччам.
10. Кажыце між плямёнамі: Пан валадарыць, *
Ён будзе судзіць народы справядліва.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Тэс 1, 1–5b

Памятаючы пра вашую справу веры і клопат любові, і пра цярплівую надзею

Чытанне Перашага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Павел і Сілуан, і Цімафей да Касцёла Тэсаланікійцаў у Богу Айцу і Пану, Езусе Хрысце; ласка вам і спакой.

За ўсіх вас заўсёды дзякуем Богу, узгадваючы вас у малітвах нашых, няспынна памятаючы пра вашую справу веры і клопат любові, і пра цярплівую надзею на Пана нашага Езуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым, ведаючы, умілаваныя Богам браты, пра выбранне вашае. Бо нашае Евангелле не было да вас толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым Духу, і ў поўнай перакананасці.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Флп 2, 15d. 16a
Ззяеце, нібы светачы, у свеце,
трымаючы слова жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 22, 15–21

Аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на словах.

I пасылаюць да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва навучаеш і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу чалавека. Таму скажы нам: Як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?

Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: Што выпрабоўваеце Мяне, крывадушныя? Пакажыце Мне падатковую манету. Яны прынеслі Яму дынар. І кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? Кажуць Яму: Цэзара. Тады кажа ім: Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 23.09.2010 15:39
 
© 2003-2024 Catholic.by