Серада — трыццаты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Рым 8, 26–30

Тым, хто любіць Бога, усё садзейнічае дзеля дабра іхняга

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі. Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай.

Мы ведаем таксама, што тым, хто любіць Бога — пакліканым па Яго пастанове — усё садзейнічае дзеля дабра іхняга. Бо, каго Ён наперад пазнаў, таго і прадвызначыў быць падобным да вобраза Сына свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі; а каго прадвызначыў, таго і паклікаў, каго паклікаў, таго і апраўдаў; а каго апраўдаў, таго і ўславіў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 13 (12), 4–5. 6 (Р.: 6а)

Рэфрэн: Спадзяюся, Пане, на Тваю міласэрнасць.

4. Паглядзі, адкажы мне, Пане Божа мой, *
асвятлі мае вочы, каб не заснуў я сном смяротным.
5. Каб не сказаў вораг мой: Я перамог яго, — *
каб не цешыліся ганіцелі мае, калі я пахіснуся.

Рэфрэн:

6. Я спадзяюся на Тваю міласэрнасць; *
узрадуецца маё сэрца Твайму збаўленню.
Я заспяваю Пану, *
бо Ён ашчаслівіў мяне.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Эф 6, 1–9

Слухайцеся, як нявольнікі Хрыстовыя

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Дзеці, слухайцеся ў Пану сваіх бацькоў, бо гэта справядліва. «Шануй бацьку свайго і маці» — гэта першая запаведзь у абяцанні, каб добра было табе і каб доўга жыў ты на зямлі.

І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана.
Нявольнікі, слухайцеся гаспадароў вашых паводле цела з бояззю і трымценнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста. Служыце не толькі для вока, каб спадабацца людзям, але як нявольнікі Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы, служачы добраахвотна, як Пану, а не як людзям. Ведайце, што кожны, нявольнік ён, ці свабодны, калі зробіць нешта добрае, атрымлівае тое ж ад Пана.

І вы, гаспадары, рабіце з імі тое самае: перастаньце пагражаць, ведаючы, што і над вамі, і над імі ёсць у нябёсах Пан, які не зважае на асобы.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 145 (144), 10–11. 12–13аb. 13cd–14 (Р.: 13c)

Рэфрэн: Пан верны ва ўсіх сваіх словах.

10. Няхай славяць Цябе, Пане, усе Твае стварэнні, *
і ўсе святыя Твае благаслаўляюць Цябе.
11. Няхай апавядаюць пра славу Твайго Валадарства *
і магутнасць Тваю абвяшчаюць.

Рэфрэн:

12. Няхай сыны чалавечыя даведаюцца пра Тваю магутнасць *
і пра веліч славы Твайго Валадарства.
13. Валадарства Тваё — валадарства ўсіх вякоў, *
і панаванне Тваё — з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

Пан верны ва ўсіх сваіх словах *
і святы ва ўсіх сваіх справах.
14. Пан падтрымлівае ўсіх, хто падае, *
і падымае ўсіх прыгнечаных.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
2 Тэс 2, 14
Пан паклікаў нас праз Евангелле,
каб мы атрымалі славу Пана нашага Езуса Хрыста.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 13, 22–30

Прыйдуць з усходу і з захаду, і сядуць за стол у Валадарстве Божым

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Накіроўваючыся ў Ерузалем, Езус праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў.

І нехта сказаў Яму: Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?

Ён жа сказаў ім: Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць.

Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы па-за домам, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: Пане, адчыні нам. Але Ён скажа ў адказ: Не ведаю вас, адкуль вы.

І пачнеце казаць: Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты. Але Ён скажа вам: Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць.

Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе — выкінутых вон. І прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня, і сядуць за стол у Валадарстве Божым. І    вось будуць апошнія, якія стануць першымі, і будуць першыя, якія стануць апошнімі.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 19.10.2010 14:21
 
© 2003-2024 Catholic.by