Аўторак — трыццаць чацвёрты звычайны тыдзень | Друк |
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Дан 2, 31–45

Бог установіць валадарства, якое не распадзецца навекі. Яно знішчыць усе валадарствы

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

У тыя дні:

Даніэль сказаў Навухаданосару: Ты, кароль, бачыў: вось вялікі ідал, велізарны быў гэты ідал, у надзвычайным бляску стаяў насупраць цябе, і выгляд яго быў грозны. Галава гэтага ідала была з чыстага золата, грудзі яго і рукі — са срэбра, жывот і бёдры — з медзі, галені яго — жалезныя, а ногі яго — часткова з жалеза, часткова з гліны. Ты глядзеў, пакуль не адарваўся ад гары камень, хоць яго і не краналі рукі, і ўдарыў ідала ў жалезныя і гліняныя ногі яго, разбіўшы іх на кавалкі. Тады скрышыліся разам жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата і сталіся, як мякіна на летніх таках. І вецер панёс іх, і не засталося нават следу пасля іх. А камень, які разбіў ідала, стаў вялікай гарою і напоўніў усю зямлю.

Такі быў сон. А цяпер мы растлумачым яго значэнне каралю. Ты — кароль, кароль над каралямі, якому Бог нябёсаў  даў валадарства, уладу і моц, і славу. І ўсё, дзе б ні жылі сыны чалавечыя, палявыя звяры і нябесныя птушкі, даў у рукі твае і паставіў цябе ўладаром над імі ўсімі. Ты — гэта залатая галава.

Пасля цябе паўстане іншае валадарства, ніжэйшае, чым тваё. Потым іншае, трэцяе валадарства, што з медзі, якое будзе панаваць над усёю зямлёю. А чацвёртае валадарства будзе моцнае, як жалеза. Бо, як жалеза крышыць і разбівае ўсё, так і яно, як жалеза, скрышыць і разаб’е ўсё. А ступні і пальцы з гліны і часткова з жалеза, якія ты бачыў, азначаюць, што гэта будзе падзеленае валадарства, у якім застанецца пэўная моц жалеза, бо ты бачыў жалеза, змяшанае з глейкай глінай. Як пальцы ног часткова жалезныя, часткова гліняныя, так і валадарства будзе часткова моцным, а часткова крохкім. Жалеза, змяшанае з глейкай глінай, якое ты бачыў, азначае, што яны змяшаюцца праз чалавечае насенне, але не зліюцца адно з адным, як нельга змяшаць жалеза з глінай.

У дні панавання іхняга Бог нябёсаў установіць валадарства, якое не распадзецца навекі. І гэтае валадарства не будзе аддадзена іншаму народу. Яно скрышыць і знішчыць усе тыя валадарствы, а само будзе стаяць навекі, так, як ты бачыў, што ад гары адарваўся камень, хоць яго і не краналі рукі, і скрышыў жалеза, медзь, і гліну, і срэбра, і золата. Вялікі Бог адкрыў каралю, што павінна адбыцца ў будучыні. А сон гэты праўдзівы, і яго тлумачэнне слушнае.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Дан 3, 57 і 58. 59 і 60. 61 (Р.: 3, 57b)

Рэфрэн: Хваліце і ўзвялічвайце Пана навекі.

57. Благаслаўляйце Пана, усе творы Ягоныя, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
58. Нябёсы, благаслаўляйце Пана, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.

Рэфрэн:

59. Благаслаўляйце Пана, анёлы, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
60. Благаслаўляйце Пана, усе воды, што пад небам, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.

Рэфрэн:

61. Няхай усялякая моц *
благаслаўляе Пана,
хваліць і ўзвялічвае *
Яго навекі.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ап 14, 14–19

Прыйшоў час жніва, таму што жніво на зямлі саспела

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, бачыў: вось белае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага. На галаве ў Яго залаты вянок, а ў руцэ ягонай востры серп. І выйшаў другі Анёл са святыні, і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: Пашлі серп твой і пачынай жаць, бо прыйшоў час жніва, таму што жніво на зямлі саспела. Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў серп свой на зямлю, і зямля была пажата.

І другі Анёл выйшаў са святыні, якая была на небе, і ён меў востры серп. І іншы Анёл, які меў уладу над агнём, выйшаў ад ахвярніка і гучным голасам крыкнуў да таго, хто меў востры серп: Пашлі востры серп твой і збяры гронкі вінаграду на зямлі, бо саспелі яго ягады. І кінуў Анёл серп свой на зямлю, і сабраў вінаграград на зямлі, і кінуў у вялікае давіла Божага гневу.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 96 (95), 10. 11–12. 13 (Р.: 13b)

Рэфрэн: Пан прыходзіць судзіць зямлю.

10. Кажыце між плямёнамі: *
Пан валадарыць.
Ён сусвет умацаваў, каб не пахіснуўся. *
Ён будзе судзіць народы справядліва.

Рэфрэн:

11. Няхай радуюцца нябёсы і весяліцца зямля, *
няхай шуміць мора і ўсё, што яго напаўняе.
12. Няхай усцешыцца поле і ўсё, што на ім, *
няхай усклікаюць тады ўсе дрэвы лясныя.

Рэфрэн:

13. Перад абліччам Пана, які прыходзіць, *
які прыходзіць судзіць зямлю.
Ён будзе судзіць свет справядліва, *
а народы паводле сваёй праўды.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ап 2, 10c
Будзь верны аж да смерці, — кажа Пан, —
і Я дам табе вянок жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 21, 5–11

Не застанецца камня на камяні

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Езус сказаў: Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены.

І спыталіся ў Яго: Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?  

Ён сказаў: Глядзіце, каб вас не звялі, бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы «гэта Я», — і: «наблізіўся час». Не ідзіце за імі.  Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу.

Тады сказаў ім: Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 04.11.2010 15:52
 
© 2003-2024 Catholic.by